11 жнiўня 2026, aўторак, 11:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лідзе арыштаваных на суткі сталі выпраўляць на працы

11
У Лідзе арыштаваных на суткі сталі выпраўляць на працы

Як у СССР.

У Лідзе адрадзілі савецкія традыцыі пакарання «на 15 сутак» – «сутачнікаў» выпраўляюць працаваць. Напрыклад, іх задзейнічалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі лякарні, а яшчэ раней – на сметніку. Пра «эксперымент» расказала дзяржаўная прапагандысцкая газета «СБ. Беларусь сёння».

Вярнуцца да практыкі савецкіх часоў прапанаваў намеснік галоўнага лекара гаспадарчай працы інжынерна-тэхнічнага і гаспадарча-абслугоўчага персаналу Лідскай цэнтральнай раённай лякарні Аляксандр Ванюкевіч, у якога, як высветлілася, «больш за 20 гадоў службы ў праваахоўных органах». Ідэю падтрымалі кіраўнік лякарні Іван Загароўскі і кіраўнік Лідскага РАУС Сяргей Сыцэвіч.

«Вось ужо некалькі дзён 15 сутак з карысцю для грамадства адбываюць ад 10 да 20 чалавек», – піша газета.

Выданне згадвае толькі працу на тэрыторыі лякарні, але адзін з арыштантаў расказаў, што ён таксама працаваў на сметніку, а яшчэ згадаў, што «людзям трэці, чацвёрты раз 15 сутак даюць».

Кантынгент, як пішуць прапагандысты, – «бэчэбэшнікі», «мамы-зязюлі», сямейныя дэбашыры і хуліганы.

– Лішніх рук у нас не бывае. Задачы перад «сутачнікамі» ставім нескладаныя: прыбраць лісце, пагрузіць рыззё, пракапаць траншэю, расчысціць памяшканні. Нараканняў на працу няма. Да таго ж праца робіць многіх больш дысцыплінаванымі. Заданне для кожнага размяркоўвае майстар, і падначаленыя не могуць адмовіцца ад яго выканання. Дарэчы, праца «сутачнікаў» аплачваецца. Сумы арыштантам стае для таго, каб цалкам пакрыць выдаткі за знаходжанне ў спецпрыёмніку, – кажа аўтар ідэі Аляксандр Ванюкевіч.

Як растлумачыў кіраўнік Лідскага РАУС Сяргей Сыцэвіч, утрыманне аднаго чалавека ў спецпрыёмніку абыходзіцца 0,5 базавай велічыні – 18,5 рубля за суткі. Адбыўшы тэрмін, чалавек абавязаны цягам 15 дзён разлічыцца з дзяржавай. Грамадскія працы – добрая магчымасць для «сутачнікаў» адразу выплаціць запазычанасць.

Практыку грамадскіх працаў у Лідзе збіраюцца прадоўжыць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках