11 жнiўня 2026, aўторак, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Будзе нешта, кантраляванае структурай накшталт БРСМ»

«Будзе нешта, кантраляванае структурай накшталт БРСМ»

Журналіст распавёў, навошта лукашысты ўзяліся за квізы.

Афіцыйныя ўлады Гродна прыраўнялі квізы да масавых мерапрыемстваў — цяпер арганізатараў абавязалі атрымліваць дазвол на іх правядзенне. Што гэта можа значыць? Жаданне дзяржавы ўвесці цэнзуру і кантроль і зарабляць замест прыватнікаў? Ці нешта іншае? Пра гэта распавёў «Белсату» журналіст і стваральнік квіза «Пытаннечкі» Павал Свердлоў.

Навошта ўлады ўзяліся за квізы, хоць яны існуюць шмат гадоў? Першы варыянт — жаданне забараніць, але негалосна. Прыкладна як з канцэртамі, на якія могуць атрымаць дазвол толькі арганізатары з зацверджанага спісу.

«Тут можа быць некалькі варыянтаў. Першы — гэта спроба забараніць, не забараняючы. То-бок самі квізы не забараняюцца, але, калі ласка, атрымлівайце дазвол. І ўся гэтая размова пра тое, што дазвол на масавае мерапрыемства ў Беларусі атрымаць проста, — гэта словы. Проста гэта зрабіць, калі ты звяртаешся ад імя БРСМ або нейкай іншай падобнай арганізацыі», — кажа Павал Свердлоў.

Другі варыянт — жаданне дзяржавы атрымаць грошы, бо на арганізацыю масавых мерапрыемстваў іх трэба больш.

«Магчыма, справа ў грошах. Калі ты заяўляеш масавае мерапрыемства, ты павінен аплаціць хуткую [дапамогу], міліцыю і гэтак далей. Магчыма, у Гродзенскай вобласці прыдумалі такі спосаб, каб падняць бюджэт».

Трэці варыянт — кантроль. Прынамсі, такім чынам нядаўна разагналі турзлёт — нібыта з-за таго, што яго не аформілі як масавае мерапрыемства.

«Арганізатары, якія не захочуць праблем, насамрэч павінны пайсці да якой-небудзь арганізацыі накшталт БРСМ. Але квізы ў нас — моладзевая, стыльная гульня (...) трэба, каб гэтая «двіжуха» трапіла пад кантроль чаго-небудзь афіцыйнага, бо яна прыватная і ад гэтага абсалютна некантралюемая. Беларускім уладам некантралюемыя «двіжухі» не падабаюцца», — лічыць Свердлоў.

Калі сітуацыя пойдзе па найгоршым сцэнары — усіх абавяжуць атрымліваць дазволы на правядзенне квізаў, а такія дазволы будуць даваць толькі ідэалагічна вывераным асобам, — беларускія квізы стануць віртуальнымі або сыдуць у падполле, ці проста спыняць сваю дзейнасць.

«Ці квізаў увогуле не будзе, ці гэта будзе нешта, кантраляванае нейкай структурай накшталт БРСМ, якой, наўрад ці, патрабуюцца дазволы на масавыя мерапрыемствы. Адпаведна, там, хутчэй за ўсё, з’явяцца ідэалогія і цэнзура, ужо нельга будзе пытацца пра ўсё, трэба будзе думаць, якія пытанні трапляюць у праграму квіза. А калі раптам трапяцца не тыя пытанні, то, адпаведна, прыйдуць кантралёр і ідэолаг і пачнуць выстаўляць прэтэнзіі. Я не выключаю, што арганізатары квізаў проста не захочуць звязвацца з усёй гэтай бюракратычна-цэнзурнай валакітай, і такім чынам або квізы сыдуць у падполле, або стануць віртуальнымі. Можна будзе сказаць: дзякуй, гэта былі цудоўныя гады, квізаў у Гродне [ці іншых гарадах] больш не будзе», — лічыць Павал Свердлоў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках