УСУ адбілі дзясяткі нападаў акупантаў пад Мар'інкай, Аўдзееўкай і Сінькоўкай
- 3.11.2023, 21:40
- 3,688
Расейцы восем разоў спрабавалі вярнуць сабе пазіцыі пад Клішчыеўкай.
За мінулы дзень адбыліся 53 баявыя сутыкненні паміж сіламі абароны і расейскімі акупантамі. Пра гэта 3 лістапада ў вечаровай зводцы ў Facebook паведаміў Генеральны штаб Узброеных сілаў Украіны.
«Цягам дня авіяцыя сілаў абароны Украіны нанесла дзевяць удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі і два – па зенітных ракетных комплексах ворага. Акрамя таго, сілы і сродкі супрацьпаветранай абароны знішчылі 11 выведных беспілотнікаў, 24 ударныя дроны тыпу Shahed-136/131 і адну ракету Х-59 ворага», – сказана ў зводцы.
Падраздзяленні ракетных войскаў падбілі сем раёнаў засяроджвання асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, радыёлакацыйную станцыю, два склады боепрыпасаў і 10 артылерыйскіх сродкаў праціўніка.
«На купянскім кірунку вораг вёў беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ля Сінькоўкі, Іванаўкі Харкаўскай вобласці і Стальмахоўкі Луганскай вобласці, дзе нашы ваяры адбілі сем нападаў», – адзначаецца ў паведамленні.
Паводле звестак Генштаба УСУ, на бахмуцкім кірунку расейцы восем разоў беспаспяхова спрабавалі аднавіць страчанае становішча ў раёне Клішчыеўкі Данецкай вобласці. Акрамя таго, акупанты вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні каля Багданаўкі і Хромава Данецкай вобласці.
«На аўдзееўскім кірунку вораг пры падтрымцы авіяцыі вёў беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Стэпавы, Тоненькі, Аўдзееўка, Севернае, Первамайскае Данецкай вобласці. Усяго сілы абароны адбілі 17 нападаў», – расказалі ў Генштабе УСУ.
Там дадалі, што на мар'інскім кірунку вораг вёў беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе сілы абароны Украіны адбілі 14 нападаў, на запарожскай кірунку акупанты беспаспяхова спрабавалі аднавіць страчанае становішча ў раёне Рабоціна Запарожскай вобласці.
«У той самы час сілы абароны Украіны прадаўжаюць вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім кірунку, наступальныя (штурмавыя) дзеянні на бахмуцкім кірунку, наносяць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту», – падсумавалі ў Генштабе УСУ.