Брытанія і Нарвегія афіцыйна абвясцілі пра стварэнне «марской кааліцыі» для Украіны
1- 11.12.2023, 20:34
- 2,858

Кааліцыя дапаможа Украіне трансфармаваць Ваенна-марскія сілы.
Вялікая Брытанія і Нарвегія ў панядзелак, 11 снежня, афіцыйна абвясцілі пра стварэнне Кааліцыі марскіх сілаў і сродкаў, якая будзе адказваць за ўзмацненне ваенна-марскіх магчымасцей Украіны.
Пра гэта паведамілі брытанскае і нарвежскае Мінабароны.
Пра стварэнне «марской кааліцыі» ў Лондане абвясцілі кіраўнік Мінабароны Вялікай Брытаніі Грант Шапс і ягоны нарвежскі візаві Б'ёрн Арыль Грам. Яе ўзгаднілі падчас апошняга паседжання Кантактнай групы ў пытаннях абароны Украіны (фармат «Рамштайн»).
Кааліцыя марскіх сілаў і сродкаў будзе развіваць доўгатэрміновую падтрымку, якую Вялікая Брытанія, Нарвегія і іншыя краіны прапануюць Украіне, і дапаможа Украіне трансфармаваць Ваенна-марскія сілы, зрабіўшы іх аператыўна сумяшчальнымі з сіламі NATO і ўмацаваўшы бяспеку ў Чорным моры.
«Новая “марская кааліцыя” будзе цесна супрацоўнічаць з украінскімі ВМС і Міністэрствам абароны з мэтай развіцця шэрагу магчымасцяў, сярод іншага хуткага развіцця марскіх сілаў у Чорным моры, далейшага развіцця ўкраінскай марской пяхоты і рачных патрульных караблёў для абароны прыбярэжных і ўнутраных водных шляхоў», – растлумачылі ў Мінабароны Брытаніі.
У рамках кааліцыі Брытанія і Нарвегія ўжо абвясцілі пра перадачу Украіне двух мінных тральнікаў Каралеўскіх ВМС класу Sandown. Акрамя таго, паводле звестак Мінабароны Украіны, Кіеў атрымае 20 амфібій Viking і 23 хуткасныя лодкі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў абедзвюм краінам за стварэнне кааліцыі, якая дапаможа «ўмацоўваць украінскі флот, абараняць марскія транспартныя шляхі і забяспечваць свабоду суднаходства».
«Абапіраючыся на перамогу Украіны ў бітве за Чорнае мора ў 2023 годзе, мы будзем трымаць расейскі тэрор далей ад рэгіёну і гарантаваць, што ўкраінскі экспарт харчавання будзе прадаўжаць рабіць унёсак у глабальную харчовую бяспеку», – дадаў ён.