Турэцка-армянскую мяжу адкрылі ўпершыню за 35 гадоў
8- 11.02.2023, 20:26
- 7,402
Арменія накіравала фургоны з гуманітарнай дапамогай у пацярпелыя ад землятрусу абшары.
Наземная мяжа паміж Арменіяй і Турцыяй была адкрытая ўпершыню за 35 гадоў на фоне разбуральнага землятрусу ля турэцка-сірыйскай мяжы. Турэцкае інфармацыйнае агенцтва Anadolu паведаміла ў суботу, 11 лютага, што Арменія накіравала пяць фургонаў з гуманітарнай дапамогай для людзей у зонах землятрусу, піша dw.com.
«Аўтамабілі з гуманітарнай дапамогай пераехалі мост Маргара на (армянска-турэцкай - Рэдакцыя) мяжы і накіроўваюцца ў пацярпелы ад землятрусу рэгіён», - напісаў у Twitter прэсавы сакратар армянскага МЗС Ваан Унанян.
Паводле звестак Anadolu апошні раз пераход ля армянскага места Маргара быў адкрыты ў 1988 годзе. У той час з Турцыі ў Арменію былі дастаўленыя гуманітарныя тавары пасля наймацнейшага землятрусу ў Спітаку, ахвярамі якога, паводле розных ацэнак, сталі ад 25 да 45 тысяч чалавек.
Стасункі, азмрочаныя гісторыяй і сучаснасцю'B>
Стасункі паміж Турцыяй і Арменіяй сур'ёзна абцяжараныя праз адрозненні ў поглядах на трагічныя падзеі ў 1915 годзе, якія ў шмат якіх краінах, у тым ліку і ў Нямеччыне, уважаюць за генацыд армян у Асманскай імперыі. Турцыя з такім вызначэннем катэгарычна нязгодная.
Акрамя таго, Анкара вайсковымі ды палітычнымі сродкамі падтрымлівае Азербайджан у канфлікце вакол Нагорнага Карабаху, які ў 2020 годзе выліўся ў дырэктыўнае вайсковае сутыкненне. Ахвярамі вайны, якая працягвалася 44 дні, з армянскага боку сталі 3825 чалавек, Азербайджан страціў забітымі 2908 чалавек.
Падчас візіту ў Бэрлін 7 лютага міністр замежных спраў Арменіі Арарат Мірзаян расказаў аб прагрэсе ў перамовах паміж Ерэванам і Анкарой аб адкрыцці наземнай мяжы.
Колькасць ахвяр землятрусу перасягнула 25 тысяч
Агульны лік ахвяр магутнага землятрусу, які адбыўся 6 лютага на паўднёвым усходзе Турцыі і ў паўночнай частцы Сірыі, паводле звестак на 11 лютага, перасягнуў 25 тысяч чалавек. Са слоў турэцкага прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана толькі ў Турцыі налічваецца 21848 загінулых.
Выратавальная аперацыя доўжыцца, аднак надзеі знайсці пад руінамі тых, хто выжыў, усё менш. Ацаніць шкоду, прычыненую навалай, пакуль немагчыма.