МЗС Польшчы выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі пасля прысуду Пачобуту
- 8.02.2023, 21:56
- 4,742

Журналіста прысудзілі да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Павераны ў справах Беларусі ў Варшаве Аляксандр Часноўскі 8 лютага быў выкліканы ў Міністэрства замежных спраў Польшчы пасля вынясення прысуду журналісту Анджэю Пачобуту.
“Мы не ўважаем прысуд за справядлівы. (…) Мы прыкладзём усе законныя намаганні, якія могуць прычыніцца да ягонага вызвалення», - заявіў прадстаўнік МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.
Даўней МЗС Польшчы назвала вырак суда Пачобуту несправядлівым і заклікала вызваліць журналіста.
"Палітычна матываваны паказальны працэс і сённяшні прысуд з'яўляюцца яскравым сведчаннем антыпольскіх дзеянняў беларускіх улад", - гаварылася ў заяве.
Нагадаем, сёння Гарадзенскі абласны суд прысудзіў журналіста, сябра пазбаўленага рэгістрацыі беларускімі ўладамі Звязу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Андрэй Пачобут знаходзіцца за кратамі з 25 сакавіка 2021 года. Разам з ім былі затрыманыя і іншыя актывісты Саюза палякаў: Ірэна Бярнацкая, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава і Анжаліка Борыс.
У чэрвені таго ж года траіх з пяцярых затрыманых (Панішаву, Цішкоўскую і Бернацкую) выслалі ў Польшчу. Анджэй Пачобут і Анжаліка Борыс ад вызвалення ў абмен на дэпартацыю адмовіліся. Журналіст знаходзіцца ў зняволенні дагэтуль, а вось кіраўніцу Звязу палякаў Беларусі Анжаліку Борыс 25 сакавіка 2022-га выпусцілі з ізалятара пад хатні арышт — за кратамі яна правяла год.
Увосень КДБ унёс Пачобута ў пералік «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Праваабаронцы прызналі журналіста палітычным зняволеным.