27 красавiка 2024, Субота, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Польшчы затрымалі яшчэ аднаго замежніка, які падазраецца ў шпіянажы на Расею

1
У Польшчы затрымалі яшчэ аднаго замежніка, які падазраецца ў шпіянажы на Расею

Ён ужо даў прызнальныя сведчанні.

У польскім Гданьску паведамілі пра затрыманне чарговага замежніка, якога падазраюць у працы на расейскую выведку. Грамадзянства мужчыны не паведамляецца, але вядома, што ён ужо прызнаўся ў шпіянажы, паведамляе польскае агенцтва PAP.

Як паведамілі ў прэс-службе акруговай пракуратуры, замежнік быў затрыманы на мінулым тыдні.

Згодна з высновамі праваахоўных органаў, ён павінен быў збіраць і перадаваць у расейскую выведку інфармацыю аб крытычнай інфраструктуры ў Паморскім і Куяўска-Паморскім ваяводствах (поўнач Польшчы).

На допыце затрыманы прызнаўся, што сапраўды працаваў на Расею, а таксама расказаў пра падрабязнасці сваіх дзеянняў і абставіны вярбоўкі расейскай выведкай. Са звестак следства, мужчыну схілілі да супрацоўніцтва, калі ён ужо знаходзіўся ў Польшчы. Шпіянажам ён займаецца як мінімум са студзеня 2023 года.

Паводле пастановы суда замежніка адправілі ў папярэдняе зняволенне на тры месяцы. Калі яго прызнаюць вінаватым, паводле польскіх законаў яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

У пракуратуры Гданьска расказалі, што гэта толькі адна з некалькіх спраў у шпіянажы на выведкі Беларусі і Расеі, якімі займаюцца ў ведамстве. У некалькіх справах ужо вынесеныя абвінаваўчыя прысуды.

Нагадаем, улады Польшчы 15 сакавіка паведамілі аб раскрыцці сеткі расейскіх шпіёнаў, якія ўстанавілі дзясяткі камер на чыгунках у Польшчы, у асноўным на маршрутах, па якіх перавозіцца вайсковая тэхніка і дапамога ва Украіну. Такім чынам шпіёны адсочвалі рух цягнікоў і рыхтавалі дыверсіі. Польскія спецслужбы распрацоўвалі злачынную групу некалькі месяцаў.

На 16 сакавіка было вядома, што такіх камер сачэння знойдзена не менш за 50, працягваецца пошук іншых камер і GPS-перадатчыкаў, у тым ліку на аўтамабільных дарогах, паркінгах, складах у прымежным з Украінай рэгіёне.

Раней беларускія прапагандысты назвалі прозвішчы трох затрыманых грамадзян Беларусі: гэта 29-гадовы Уладзіслаў Пасміцюха, 18-гадовая Марыя Мядзведзева і 52-гадовы Мікалай Маскаленка.

Польскія СМІ са спасылкай на ўласныя крыніцы таксама пісалі аб тым, што сярод дзевяці затрыманых паводле падазрэння ў шпіянажы расейцаў няма - толькі беларусы і ўкраінцы. Улады краіны таксама не выключылі новых арыштаў у справе праз мноства выяўленых довадаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках