28 красавiка 2024, Нядзеля, 1:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Перад крахам рэжыму будзе лётаць шмат «чорных лебедзяў»

2
Андрэй Саннікаў: Перад крахам рэжыму будзе лётаць шмат «чорных лебедзяў»
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Для Лукашэнкі працягваецца перыяд турбулентнасці.

У інтэрв'ю для сайта Charter97.org лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў расказаў аб удзеле ў Міжнароднай канферэнцыі Ленарта Мэры (LMC) у Таліне.

— Гэта была штогадовая міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню, названая ў гонар Ленарта Мэры, першага прэзідэнта Эстоніі пасля аднаўлення незалежнасці, які шмат зрабіў для ўступлення сваёй краіны ў NATO і ЕЗ.

У канферэнцыі ўдзельнічалі кіраўнікі дзяржаў, урадаў, міністры замежных спраў, парламентарыі, аналітыкі, грамадскія дзеячы, журналісты. Сёлета яна называлася «Incipit Vita Nova – пачынаецца новае жыццё». Для назваў розных сэкцый і дыскусій канферэнцыі выкарыстоўваліся радкі з твораў Дантэ Аліг'еры.

Чакана, што ў цэнтры ўвагі канферэнцыі, як і летась, была агрэсія Расеі супраць Украіны. Аднак была не толькі ўкраінская тэма, але і бяспека Еўропы, стасункі Еўропы і ЗША, стасункі глабальнай Поўначы і глабальнага Поўдня. На імпрэзе былі прадстаўнікі і афрыканскага кантынента, і Паўднёвай Азіі.

Традыцыйна гэтая канферэнцыя праходзіць пад патранажам прэзідэнта Эстоніі. І сёлета Алар Карыс быў на канферэнцыі і актыўна ўдзельнічаў у яе рабоце.

ПРЭЗІДЭНТ ЭСТОНІІ АЛАР КАРЫС
ПРЭЗІДЭНТ ЭСТОНІІ АЛАР КАРЫС

Цікава, што ў нейкі момант на канферэнцыі былі тры прэзідэнты Эстоніі, што для Беларусі ўвогуле дзіўна. Гэта Тоомас Ільвэс, Керсці Кальюлайд і Алар Карыс.

ТООМАС ІЛЬВЭС

Былі асобныя дыскусіі аб Расеі з удзелам прадстаўнікоў расейскіх акадэмічных колаў, грамадзянскай супольнасці. Абмяркоўваліся і агульныя пытанні, якія хвалююць сусветную супольнасць: свабода прэсы, энэргетычная бяспека ў свеце, гібрыдныя пагрозы. Абмяркоўвалася пытанне аб тым, ці будзе на саміце NATO ў Вільні афіцыйнае запрашэнне для Украіны распачаць падрыхтоўку да перамоў аб сяброўстве ў Альянсе.

- Ці закраналася пытанне Беларусі?

- Асобна беларуская тэма не разглядалася. Быў вельмі цікавы момант падчас адной з пленарных дыскусій, прысвечанай акурат будучаму саміту NATO ў Вільні, дзе ўдзельнічаў памочнік генеральнага сакратара NATO ў пытаннях выведкі і бяспекі Дэвід Катлер. Прэзідэнт Эстоніі задаў пытанне: "Вось Вы гаворыце пра Украіну, Малдову, Грузію, а ці не думаеце Вы, што неўзабаве могуць адбыцца змены ў Беларусі і неўзабаве новая, дэмакратычная Беларусь падасць заяўку ў NATO?".

Для высокага чыноўніка NATO пытанне было зусім нечаканае. Ён адказаў, што "неяк складана пра гэта думаць, бо ўплыў Расеі, дыктатура" і гэтак далей. То бок, ён неяк вельмі бюракратычна на гэтае пытанне адрэагаваў.

ПРЭМ'ЕРЫ КРАІН БАЛТЫІ

Я потым падрабязна пагаварыў з прэзідэнтам Эстоніі. Ён кажа, што ўся бяда ў тым, што ўсе пачынаюць думаць, калі ўжо позна. Прэзідэнт Эстоніі сказаў, што бачыць Беларусь нашмат больш гатовай да ўступлення ў NATO, чым іншыя. Таксама да далучэння да еўрапейскіх і трансатлантычных інстытутаў. Падзеі 2020-га года гэта вельмі добра прадэманстравалі.

У сваіх размовах з удзельнікамі канферэнцыі я гэтую тэму ўвесь час закранаў, бо акурат грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» адной са сваіх мэт ставіць уступленне свабоднай Беларусі ў ЕЗ і NATO.

Гэта выклікала вялікую цікавасць, бо шмат хто сапраўды не задумваўся і ніколі не чуў пра тое, што ёсць такія мэты ў беларусаў, чулі толькі пра асцярожнасць у дачыненні да гэтых інстытутаў ад іншых апазіцыянераў. У выніку пачаліся вельмі добрыя абмеркаванні аб будучыні Беларусі і Еўропы, якія акурат супалі з публічнай дэманстрацыяй напалову мёртвага Лукашэнкі.

Палітыкі і эксперты сталі абмяркоўваць, што калі цяпер адбудуцца змены, знікне дыктатар, то што будзе адбывацца ў Беларусі і як на гэта рэагаваць?

У гэтым плане падзеі, якія адбываліся ў Беларусі, дапамаглі ажывіць беларускую тэму ў размовах з удзельнікамі канферэнцыі.

- З кім Вам выпала пагутарыць?

- З шмат кім. Акрамя прэзідэнта Эстоніі была прэм'ер-міністарка Кая Калас, я павіншаваў яе з тым, што яна зноў узначаліла эстонскі ўрад.

Уважаю яе за адну з наймацнейшых еўрапейскіх палітыкаў сёння.

КАЯ КАЛАС

Цікавая размова была з прадстаўнікамі Турцыі. Акурат адной з тэм былі выбары ў іхняй краіне, якія прайшлі ў нядзелю, іх вынікі мы ведаем.

Былі прадстаўнікі аналітычнай супольнасці, гісторыкі, напрыклад, Тымаці Гартан-Эш. Шмат абмяркоўвалі беларускую тэматыку з прэзідэнтам форуму ў Галіфаксе Пітэрам ван Праагам.

ПІТЭР ВАН ПРААГ

З Майклам Макфалам абмяркоўвалі тэматыку санкцый супраць злачынцаў Пуціна і Лукашэнкі. Ён сёння разам з украінцамі ў групе высокага ўзроўню займаецца распрацоўкай санкцый. Мы абмеркавалі магчымыя захады ў дачыненні да рэжыму Беларусі.

Майкл Макфол

— Вы ўжо крыху закранулі тэму хваробы Лукашэнкі. Што паказала гэтая гісторыя і рэакцыя на яе як беларусаў, гэтак і самога рэжыму?

- Усе выдатна памятаюць гісторыі адыходу дыктатараў, асабліва савецкіх і постсавецкіх. Агонія Сталіна, якая стала называцца "дыханнем Чэйна-Стокса", Карымава, які невядома колькі дзён быў мёртвы і праўду пра гэта хавалі.

Калі ў мяне пыталіся, чаго чакаць, то я казаў, што будзе суцэльная хлусня.

Пакажуць старыя кадры з Лукашэнкам, потым ён зноў знікне. Самае галоўнае, што перыяд турбулентнасці, які пачаўся і актывізаваўся падчас вайны, працягваецца. Будзе лётаць дастаткова шмат «чорных лебедзяў», пакуль гэты рэжым не абрынецца.

Тое, што ён абрынецца, гэта ўжо зразумела. Натуральна, што ўсіх цікавіла, што будзе пасля Лукашэнкі. Тут я казаў, што мне хацелася б, каб вайскоўцы ў Беларусі паўсталі на абарону дзяржавы, а не цела, і дапамаглі Украіне ў вайне з Расеяй, але гэта такія добрыя пажаданні, на якія сёння складана разлічваць.

Будзе спрабаваць умяшацца Масква праз сваіх стаўленікаў, такіх як Вальфовіч ды іншыя. Фармальныя працэдуры пераходу ўлады, якія Лукашэнка заклаў чарговы раз, калі змяніў Канстытуцыю, паводле якой Качанава мае стаць пераемніцай, не спрацуюць.

ЭД ЛУКАС

Жанчыну на чале дыктатуры ніхто не ўспрыме. Значыць, трэба рыхтавацца да паддывановай барацьбы. Глядзець, хто цяпер будзе актыўна ездзіць у Маскву. Вось ужо адбыўся незапланаваны візіт кіраўніка МЗС Алейніка ў Расею.

Цяпер будзе цікава сачыць за кантактамі прадстаўнікоў рэжыму з Масквой. Дык мы зразумеем, хто з'яўляецца крамлёўскай групай у Беларусі. Кагосьці мы ведаем, а кагосьці ўбачым цяпер.

- Пры абмеркаванні сцэнароў вялікая ўвага надаецца тэме пераемнікаў, умяшанню Расеі, а ці мае беларускі народ акно магчымасцяў або ўсё будзе вызначацца без нас?

- Я лічу, што гэтую персаналістычную сістэму захаваць будзе практычна немагчыма. Яна сканцэнтраваная на адным дыктатары, які маніякальна імкнецца кантраляваць усё навокал: ад каровіных аладак да ядзернай зброі. Такія сістэмы разбураюцца, гэта будзе адбывацца і ў Беларусі.

Вядома, калі гэтае акно магчымасцяў будзе падмацаванае поспехамі Украіны на фронце, то можна дакладна казаць, што палітычная сістэма ў Беларусі будзе мяняцца вельмі-вельмі хутка.

Канцлагер, у якім жыве ўся краіна (а нашы палітычныя вязні жывуць у штрафных ізалятарах), немагчымы сам сабой. Пажыранне сістэмы самой сябе ўжо пачалося і будзе актыўна працягвацца. Гэта, безумоўна, акно магчымасцяў, і яно звязанае ў тым ліку з удзелам нашых ахвотнікаў у вайне супраць расейскай агрэсіі на баку Украіны.

Я думаю, што адным з галоўных чыннікаў будзе вызваленне палітычных вязняў, якое можа памяняць усю палітычную сітуацыю ўнутры Беларусі. Гэтага трэба дамагацца ўсімі магчымымі спосабамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках