6 траўня 2024, панядзелак, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вальфовіч даклаў Лукашэнку пра недахопы новага кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэта

23
Вальфовіч даклаў Лукашэнку пра недахопы новага кіраўніка Дзяржаўнага памежнага камітэта

У 2004 годзе Канстанцін Моластаў скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі.

Пра недахопы новага старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Канстанціна Моластава расказаў Аляксандру Лукашэнку дзяржаўны сакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

Падчас разгляду кадравых пытанняў 30 траўня кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка даклаў, што Канстанцін Моластаў «падрыхтаваны афіцэр», які прайшоў школу і навучанне.

– Праверка праведзеная, кандыдат вывучаны, гатовы да выканання пастаўленых задачаў, – адрапартаваў Сяргеенка.

– Недахопы? – удакладніў Лукашэнка.

– Спелы дасведчаны памежнік, – пачаў даклад Вольфавіч.

– Гэта не недахопы. (…) А то ў нас усё добра, усё ідэальна. Ідэальны чалавек. Дык чаго тады сядзеў у Гародні да гэтага часу? Таму калі ёсць нейкія недахопы, дык вы кажаце. Калі вы не вывучалі іх – таксама скажыце. А то атрымаецца як у ахове здароўя: усе без недахопаў, а куча праблемаў.

– З недахопаў назаву адсутнасць досведу ў Цэнтральным апараце. Атрымліваецца, пераскоквае пасаду намесніка старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэта, але, думаю, зыходзячы з досведу ягонай працы, адукацыі, гэты афіцэр хутка ўвойдзе ў аператыўную абстаноўку і гэты прабел [ухіліцца], – адказаў Вольфавіч.

– На мяжы служыў? – спытаў Лукашэнка.

– Праходзіў тэрміновую службу ў Сярэднеазіяцкай памежнай акрузе (СССР – Заўв. рэд.) і восем гадоў афіцэрам на памежнай заставе, – даклаў Канстанцін Моластаў.

Нагадаем, Анатоль Лапо, які ўзначальваў раней ДПК, звольнены з ваеннай службы ў запас.

Канстанціну Моластаву сёння споўнілася 53 гады. Ён нарадзіўся ў горадзе Краснаармейску Саратаўскай вобласці ў сям'і працоўных, але школьныя гады правёў у Гародні. Адтуль у 1988 годзе быў прызваны на тэрміновую ваенную службу ў памежныя войскі. Служыў на памежнай заставе ў Чырванасцяжнай Сярэднеазіяцкай памежнай акрузе.

Скончыў камандную памежную вучэльню ў Алматы. Пасля вучобы з 1993 да 2001 года праходзіў службу на памежных заставах у Гарадзенскім памежным атрадзе.

У 2004 годзе скончыў Памежную акадэмію ФСБ Расеі. Пасля гэтага быў кіраўніком службы аховы мяжы ў розных злучэннях.

З 2009 да 2012 года – першы намеснік камандзіра вайсковай часці 2187 – кіраўнік аператыўнай управы ў Берасці, потым некалькі гадоў камандаваў Полацкім памежным атрадам, стаў кіраўніком Гарадзенскай памежнай групы ў 2014 годзе.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках