Па ўсёй Беларусі можна будзе ўбачыць парад з пяці планетаў
7- 15.06.2023, 21:41
- 18,202
Планеты ў суботу пастануць на небе ў адну лінію.
У суботу, 17 чэрвеня, можна будзе ўбачыць рэдкую астранамічную з'яву – парад з пяці планетаў Сонечнай сістэмы, якія пастануць на небе ў адну лінію. Starwalk расказвае, як нічога не прапусціць (лепш за ўсё загадзя ўзброіцца біноклем ці тэлескопам).
Жыхары Зямлі, уключаючы беларусаў, змогуць назіраць парад планетаў раніцай 17 чэрвеня, прыкладна за гадзіну да ўзыходу Сонца. У ім будуць удзельнічаць пяць нябесных целаў – Меркурый, Юпітэр, Сатурн, Уран і Нептун.
Праўда, каб убачыць дзве апошнія планеты, спатрэбіцца як мінімум бінокль, а лепш тэлескоп. А вось Меркурый будзе размешчаны даволі нізка над зямлёй, таму варта знайсці месца з цёмным небам без светлавога забруджвання і з адкрытым даляглядам, без перашкодаў у выглядзе дрэваў або высокіх будынкаў.
Усе пяць планетаў пастануць у такім парадку ад далягляду: Меркурый, Уран, Юпітэр, Нептун, Сатурн.
Першым ужо ў сярэдзіне ночы ўзыдзе Сатурн, ён жа апынецца вышэй за ўсіх. Планету трэба шукаць на паўднёвым усходзе.
Другі – Нептун: ён размесціцца ніжэй за Сатурн і бліжэй да ўсходу, і без оптыкі яго не разглядзець.
Следам з’явіцца Юпітэр – ён стане самым яркім і будзе ззяць на ўсходзе, прыкладна пасярэдзіне лініі.
Крыху пазней на небе ўзыдзе даволі цьмяны Уран – ён апынецца яшчэ ніжэй да далягляду, і яго таксама давядзецца шукаць праз бінокль.
Нарэшце апошнім ля самага далягляду бліжэй за ўсё на ўсход з'явіцца Меркурый.

Даволі хутка, 22 ліпеня, адбудзецца яшчэ адзін парад планетаў – увечары на небе пакажуць міні-выраўноўванне Марса, Венеры і Меркурыя. А вось самая грандыёзная з'ява – "вялікі парад планетаў", калі ўсе восем планетаў Сонечнай сістэмы стануць у адну лінію мы не ўбачым: паводле разлікаў навукоўцаў, ён пройдзе 19 траўня 2161 года.
Дарэчы, "парад планетаў" – гутарковы выраз, які ў шырокім сэнсе азначае, што некалькі планетаў бачныя на начным небе адначасова. Астраномы ж выкарыстоўваюць тэрмін "выраўноўванне планетаў" – ён апісвае з'яву, калі некалькі нябесных целаў выстройваюцца блізка адзін да аднаго па адзін бок ад Сонца (ідэальна прамую лінію яны ўсё роўна не ўтвараюць).