Адкат на мільён
8- АРЦЁМ ЧЭРНІКАЎ
- 3.06.2023, 16:34
- 19,390
Чаму ў МТЗ узніклі праблемы з пастаўкамі чыгуну.
Менскі трактарны завод (МТЗ) ужо другі год знаходзіцца ў катастрафічным становішчы. То літоўская «дачка» прадпрыемства зачыняцца, то складскія плошчы пашыраюцца, то трактары проста аддаюцца задарма. Але нават у гэтай сітуацыі, у якой, здавалася б, куды ўжо горш, заўсёды знаходзіцца новае прабіццё дна. На гэты раз сітуацыя старая, а вось праблемы новыя.
Усё больш паступае паведамленняў з завода, што ліцейны цэх 1 (ЛЦ-1) прастойвае больш за тыдзень праз адсутнасць чыгуну. У выніку не выконваецца план і церпяць працоўныя. Спачатку прыйшлі лісты на пошту, а потым мы звязаліся непасрэдна з супрацоўнікамі прадпрыемства: інфармацыя пацвердзілася. Праблема з пастаўкамі чыгуну стала нечым звычайным для МТЗ.
Здавалася б, чаму могуць узнікнуць праблемы, бо чыгун пастаўляецца на завод з РФ, гэта значыць, санкцыі тут абсалютна ні пры чым. Але затое ёсць стандартная карупцыйная схема, якая прадаўжаецца не першы год.
Яшчэ да пачатку вайны кошты на расейскі чыгун для МТЗ увесь час вар'іраваліся. Незразумела чаму, але набыццё жніўня 2021 года было вышэйшым больш чым на мільён даляраў ЗША. Беларусь набыла чыгун ліцейнай маркі Л5 групы ІІІ класу А, Б катэгорыі 1-2 за 797 даляраў ЗША за адну тону. У гэты самы час Польшча набывае той самы чыгун за 570 даляраў ЗША за адну тону. Апусцім падрабязнасці і разлікі за лагістыку і звернемся да простай матэматыкі. Пераплата склала 227 даляраў ЗША на кожную тону. Аб'ём набытку склаў 5000 тонаў. 227 даляраў ЗША * 5000 тонаў = 1135000 даляраў ЗША пераплата за чыгун ліцейны ў жніўні. Пытанне: чаму суседняя і хаўрусная краіна прадае для беларускага завода вышэй за сусветныя кошты на 50%? Ёсць пацверджаная інфармацыя ад іншых расейскіх пастаўшчыкоў, якія прапаноўвалі знізіць кошт чыгуну пераробнага і чыгуну ліцейнага ад тых жа прадпрыемстваў, але кіраўніцтва завода адмовілася ісці на размову. Таму многія пачалі падазраваць кіраванцаў у атрыманні адкатаў.
Таксама вельмі часта МТЗ хавае свае набыткі з завышанымі коштамі і публікуе іх праз некалькі месяцаў. Напэўна, гэта робіцца дзеля таго, каб аперацыі не скасавалі паўнамоцныя структуры. І каб не было рэзкага народнага абурэння наконт высокіх коштаў, якія выкарыстоўваюцца заводам «МТЗ».
Ёсць таксама факты набыцця чыгуну пераробнага з коштамі вышэйшымі, чым за чысты ліцейны. Намеснік дырэктара завода Віталь Воўк, які займаўся набыткамі, свядома набыў пераробны чыгун, кошт якога на травень 2020 года складаў 280 даляраў, коштам вышэйшым за 400. Потым пайшлі апраўданні, што ў яго асаблівы хімічны склад чыгуну, высокі марганец, і гэта чыгун, які выкарыстоўваўся ў фільме «Уладар пярсцёнкаў».
Гэта ўсяго толькі некалькі вядомых фактаў з «чыгуннай справы» на прадпрыемстве. Яны былі яшчэ да санкцыяў і да нападу РФ ва Украіну. Цяпер прычына адсутнасці набыцця мала зразумелая. Ёсць варыянт, што чакаюць цікавейшых для іх коштаў, ці ў прадпрыемства скончыліся грошы на масавы закуп чыгуну. А магчыма, проста не набываюць спецыяльна, каб не працаваць на запаўненне склада.
Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»