Папа рымскі паспяхова перанёс аперацыю
- 7.06.2023, 21:16
- 3,662
Аперацыя на брушной паражніне доўжылася тры гадзіны.
Папа рымскі Францішак у сераду паспяхова перанёс трохгадзінную аперацыю на брушной паражніне ў лякарні Агасціна Джэмелі ў Рыме.
Пра гэта, як піша Reuters, у сераду паведамілі ў Апостальскай сталіцы.
У кароткай заяве Ватыкана пазначана, што аперацыя «прайшла без ускладненняў і доўжылася тры гадзіны». Пазней Апостальская сталіца можа апублікаваць больш падрабязнае паведамленне пра стан Францішка.
Аперацыя была неабходная для ўхілення лапарацэле – кілы, якая часам утвараецца над шнарам пасля хірургічнага ўмяшання. Лапарацэле часта сустракаецца ў пажылых людзей, а таксама можа быць выкліканая атлусценнем або слабасцю цягліцаў брушной сценкі.
У апошнія дні лекары папы пастанавілі, што аперацыя неабходная, паколькі лапарацэле выклікае балючыя кішачныя закаркаванні. Францішак, аднак, баяўся негатыўных наступстваў агульнай анэстэзіі, што таксама ўзнікае ў пажылых людзей.
Паводле звестак крыніцы Reuters у Ватыкане, усе прыватныя і агульныя аўдыенцыі папы былі скасаваныя да 18 чэрвеня – верагодна, менавіта столькі ён можа знаходзіцца ў шпіталі і на рэабілітацыі.
Гэта ўжо трэцяя шпіталізацыя Францыска пасля абрання папам у 2013 годзе. Толькі ўвесну гэтага года папу шпіталізавалі для планавых абследаванняў і лекавання рэспіраторнага захворвання.
Як вядома, 86-гадовы пантыфік мае нямала хранічных хваробаў. Праз праблемы з каленам яму даводзіцца перамяшчацца на вазку, а ў 2021 годзе яму рабілі аперацыю кішачніка. У сувязі з гэтым Францішак I не выключаў, што добраахвотна сыдзе з пасады, калі адчуе, што стан здароўя ўжо не дазваляе яму паўнавартасна выконваць свае абавязкі.