Навукоўцы спрабуюць навучыць квантавы кампутар думаць як людзі
9- 7.06.2023, 21:48
- 4,250
Спецыялісты ўжо закадавалі мадэлі мыслення чалавека.
Навукоўцы Каліфарнійскага ўніверсітэта супольна з кампаніяй IonQ змаглі запусціць імітацыю разумовай дзейнасці чалавека на квантавых схемах. Вынікі даследавання былі апублікаваныя ў часопісе Entropy.
Паводле словаў аўтараў, навукоўцы да гэтага часу не могуць зразумець, як працуе чалавечае мысленне. Але некаторыя працы паказваюць на тое, што ў ягонай аснове могуць ляжаць законы квантавай верагоднасці. Менавіта гэта падштурхнула даследнікаў паспрабаваць запусціць мадэлі пазнання і прымання пастановаў чалавекам на квантавых кампутарах.
Для гэтага аўтары супольна з распрацоўнікамі кампаніі стварылі спецыяльныя квантавыя схемы, рэгістры і гейты. Менавіта ў іх спецыялісты і закадавалі мадэлі мыслення чалавека.
«Стварэнне квантавых кампутараў, здольных імітаваць працэсы прыняцця пастановаў чалавекам, нясе ў сабе велізарны патэнцыял для такіх абласцей, як генератыўны штучны інтэлект. Гэта дазволіць ствараць складаныя і тонкія сістэмы штучнага інтэлекту, здольныя генераваць высокарэалістычныя і творчыя ідэі», – адзначылі аўтары.