28 красавiка 2024, Нядзеля, 10:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кіраўніцтва NATO папярэдзіла Лукашэнку, што яго незнарок убайдосяць»

24
«Кіраўніцтва NATO папярэдзіла Лукашэнку, што яго незнарок убайдосяць»

Альянс даслаў важны сігнал і Пуціну, і беларускаму дыктатару.

У Вільні 11 ліпеня стартуе саміт NATO. Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка выказаў меркаванне, што краіны Альянсу папярэдзілі Лукашэнку аб жорсткім адказе на магчымыя правакацыі. Пра гэта і не толькі апазіцыйны палітык расказаў у інтэрв'ю сайту Charter97.org.

— Вы выказалі версію, што Лукашэнка мог быць замяшаны ў бунце Яўгенія Прыгожына. Чаму ж тады верхавод ПВК «Вагнер» не спяшаецца да свайго хаўрусніка ў Беларусь?

— Бо той яму здрадзіў і падмануў. Таму і не спяшаецца, разумеючы, што і раней Лукашэнку нельга было моцна верыць, а цяпер - пагатоў.

Для пацвярджэння маёй версіі падам апошнюю заяву Лукашэнкі аб тым, што ў Маскву мелі перакінуць брыгаду беларускага спецпрызначэння. Уявіце, гэтае ж чарговае прыніжэнне Пуціна. Без беларускіх спецвайскоўцаў не маглі Маскву абараніць?

Напраўду гэта была супольная гульня з Прыгожыным. Лукашэнка ў нейкі момант мог перакінуць спецвайскоўцаў у Маскву для падтрымкі путчу, але найперш на бок Прыгожына мелі перайсці некалькі расейскіх брыгад або дывізій. Але гэтага не адбылося.

Цяпер мы назіраем сітуацыю, калі ніхто нікому не верыць, але «калектыўны Пуцін» не мае сіл, каб расправіцца са здраднікамі, бо іх зашмат: і Лукашэнка, і Прыгожын, і дзясяткі іншых генералаў і чыноўнікаў. «Калектыўны Пуцін» усё ведае, але нічога зрабіць не можа, бо сітуацыя не на ягоную карысць.

— У Расеі затрыманы генерал Суравікін, якога звязваюць з ПВК «Вагнер». Тым часам Прыгожыну вярнулі ўсю арыштаваную маёмасць, а ён спакойна перамяшчаецца па краіне. Хто ж у выніку перамог пасля бунту ў РФ?

— Страціла расейская ўлада. Суравікіна пасадзілі, бо занадта шмат даброт ён атрымаў ад Крамля, а тут падтрымаў бунт. Але ён проста вайсковец, таму яго адхілілі і дапытваюць. А вось Лукашэнка і Прыгожын занадта шмат ведаюць, бо Беларусь доўгі час была кантрабандным вузлом для крамлёўскіх груповак, калі танная нафта паступала ў Беларусь, а нафтапрадукты з яе перапрадаваліся расейскім «дочкам» у Ратэрдаме і Бірмінгеме, якія нібыта былі заходнімі фірмамі. Гэтыя грошы не ішлі ў даход Расеі як дзяржавы, а ішлі на ўзбагачэнне канкрэтных асоб. Гульня была на дзясяткі мільярдаў даляраў, Лукашэнка меў дзель і ўсё ведае.

Прыгожын, як мы ведаем, быў «партманетам Пуціна», які хаваў золата, брыльянты, дыяменты «пад пальмамі» у розных экзатычных краінах. Ва ўсіх гэтых справах удзельнічаў і Лукашэнка. Нездарма цяпер прамільгнула інфармацыя, што першапачаткова перамовы з Прыгожыным вёў Шэйман, які адказвае за брудныя справы Лукашэнкі.

Пуцін і ягонае найбліжэйшае асяроддзе нічога не могуць зрабіць у гэтай сітуацыі, бо тады ўзнікае пытанне: за што змагаліся? Гэтулькі гадоў рабавалі, хавалі, а цяпер усё страціць?

Зачысткі будуць далей, але я мяркую, што мы іх убачым пазней.

— У Беларусі зліквідавалі лагеры для расейскіх мабілізаваных. З чым гэта можа быць звязана?

— Найперш, на мой погляд, з самітам NATO ў Вільні. Хачу нагадаць, што ад Вільні да Менска - 200 кіламетраў, а да мяжы з Беларуссю - менш за 40. Ужо абвешчана, што на саміт прыедзе прэзідэнт ЗША, кіраўнікі іншых краін. Мы бачым, што для гарантавання бяспекі саміту ў Балтыйскае мора ўвайшлі дзясяткі новых караблёў, прытым гэта не проста «караблікі», а носьбіты ядзерных крылатых і балістычных ракет са сваімі сістэмамі СПА, якія закрываюць неба на сотні кіламэтраў. Напэўна, будуць перасунутыя спадарожнікавыя выведныя групоўкі. Кожны кусцік на тэрыторыі Беларусі будзе бачны NATO. Мы назіраем, што сваю сістэму СПА перасунула Нямеччына, дзе ў канцы чэрвеня прайшлі найбуйнейшыя вучэнні ВПС NATO. Польшча адправіла некалькі тысяч сваіх вайскоўцаў у рэгіён. Сотні тысяч жаўнераў хуткага рэагавання NATO прыведзеныя ў поўную баявую гатовасць.

Лукашэнку папярэдзілі, што не толькі ягоныя неасцярожныя дзеянні, але і словы могуць прывесці да таго, што «незнарок і ўбайдосяць» для гарантавання бяспекі ад тэрарыстаў. Мы ведаем, што тыя ж “вагнераўцы” прызнаныя шмат якімі краінамі тэрарыстамі. Усё можа скончыцца вельмі кепска для Лукашэнкі. Можа быць нанесены ўдар па цэнтрах прыняцця пастаноў у Беларусі і ўзброеных структурах. Лукашэнка проста "ўзняў лапкі", зліквідаваў лагеры для мабілізаваных, тут жа зрабіў заяву, што "Жэні няма, Жэня не прыедзе" і "ніякіх "вагнераўцаў" не будзе". Напярэдадні саміту эшалонамі сталі выводзіць расейскія войскі з Беларусі.

— Чаго чакаць ад саміту NATO, які пачынаецца ў Вільні?

— Гэта эпахальная падзея. Краіна правядзення саміту вызначаецца за пару гадоў да сустрэчы, але гэтым ЗША і кіраўніцтва NATO паказалі, наколькі важны наш рэгіён для сусветнай бяспекі. Гэта сігнал і беларускаму дыктатару, і Пуціну, што NATO тут стаіць трывала. Пуцін ускладніў сваё становішча. Распачаўшы вайну ва Украіне, ён зрабіў Балтыйскае мора ўнутраным возерам NATO. Тое, што на год яшчэ пакідаюць на сваёй пасадзе Енса Столтэнбэрга - гэта не праз нейкія супярэчнасці, а выяўны сігнал, што «лінія Столтэнбэрга» — цвёрдае супрацьстаянне агрэсарам – будзе працягвацца.

Перакідванне сістэм СПА, паветрана-ракетных сіл, сіл хуткага рэагавання, выведных сіл у наш рэгіён, паказвае, што краіны NATO настроеныя цвёрда.

Пуціну кіўнулі, каб ён «не сваволіў» ва Украіне з рознымі правакацыямі. Як я сказаў, Вільня блізкая да Менска, але і да Санкт-Пецярбургу. Балтыйская групоўка ў Калінінградскай вобласці можа проста спыніць існаванне. Альянс паказвае, што настроены вельмі цвёрда, Расея павінна спыніць вайну, вывеўшы войскі з акупаванай тэрыторыі Украіны. Прапорцыя сіл сёння такая, што гарантаванне бяспекі саміту NATO ў Вільні можна разглядаць як рэпетыцыю адкрыцця другога фронту на карысць Украіны.

- На мінулым тыдні выданне FT расказала, што ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя папярэдзілі Пуціна, што адкажуць ударам на ўжыванне расейскай ядзернай зброі ва Украіне. Цяпер Крэмль маглі папярэдзіць, што расейскіх наймітаў на межах з NATO не мае быць. Захад будзе ўвесь час размаўляць з Расеяй з пазіцыі моцнага?

- Я неаднаразова казаў, што самымі адэкватнымі палітыкамі на Захадзе з'яўляюцца вайскоўцы, бо яны абапіраюцца на факты і ацэнку моцы супраціўніка. Менавіта таму галасы генералаў і адміралаў NATO сёння гучаць больш магутна.

Таму і палітыкі краін NATO, Еўрапейскай уніі, займаюць больш цвёрдую і дакладную пазіцыю.

Вядома ж, да новых пастаноў Захад падштурхнуў бунт Прыгожына. Захад усвядоміў тры рэчы. Першая - Расея вельмі слабая, улада можа памяняцца ў кожны момант. Другое - у Расеі ёсць сілы, якія выступаюць за спыненне вайны ва Украіне, гэта была адна з тэм Прыгожына і людзей, якія ўдзельнічалі ў бунце. Трэцяе - Захад пачуў сігнал часткі расейскага кіраўніцтва аб тым, што яно ахвочае пайсці на перамовы для развязання гэтага крызісу.

Мы ведаем, што кіраўніцтва NATO не хоча, каб ядзерная зброя патрапіла ў рукі некалькіх «прыгожыных» або «пуціных», таму Альянс кажа: ядзерная зброя – вельмі сур'ёзная рэч, мы ахвочыя дапамагчы Расеі забяспечыць кантроль за ядзернай зброяй.

Пачаліся нават непублічныя перамовы ў Вашынгтоне паміж былымі кіраўнікамі сістэмы нацыянальнай бяспекі ЗША з тым жа Лаўровым. Гэта ніяк не азначае аслабленне пазіцый ЗША, а кажа пра тое, што паўтараецца сітуацыя з СССР, які бразгаў зброяй, а затым пайшоў на скарачэнне ўсяго чаго толькі можна і прасіў паставіць курыныя "ножкі Буша".

Думаю, гэтая сітуацыя паўтараецца на новым вітку спіралі гісторыі. На Захадзе ёсць людзі, якія разумеюць, што тут трэба быць паслядоўнымі і дзейнічаць з пазіцыі моцнага, як у свой час Рэйган, бо расейская "партыя ганаровай капітуляцыі", паводле слоў Пянткоўскага, хацела б гэтай ганаровай капітуляцыі, як у свой час Гарбачоў, але галоўнае ў гэтым словазлучэнні - капітуляцыя. Думаю, усё ідзе менавіта да яе.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках