Пад Чэрыкавам загінуў камбайнер
12- 21.08.2023, 20:18
- 13,724
Мужчына атрымаў удар токам, упаў на кабіну, а потым у жняярку камбайна.
У Следчым камітэце паведамілі пра гібель яшчэ аднаго камбайнера падчас сезоннага жніва. Чарговая трагедыя адбылася ў Чэрыкаўскім раёне 18 жніўня.
Надзвычайнае здарэнне адбылося проста ў полі пры ўборцы збожжа. Вядома, што падчас жніва 59-гадовы камбайнер знаходзіўся на назіральнай пляцоўцы камбайна, а потым захацеў праверыць напоўненасць бункера збожжам. Аднак якраз у гэты момант камбайн праязджаў пад лініяй электраперадачаў. Целам мужчына зачапіўся за правады і атрымаў удар электрычным токам. Удараны токам працаўнік упаў на кабіну камбайна, а потым у жняярку.
– Ад атрыманых множных траўмаў 59-гадовы мужчына памёр на месцы, – пракаментавалі ў СК.
Расследуецца крымінальная справа аб парушэнні правілаў аховы працы, якое прывяло праз неасцярожнасць да смерці чалавека (ч.2 арт.306 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
У СК удакладнілі, што на гэты момант ужо вызначаны шэраг парушэнняў, звязаных з правіламі аховы працы і тэхнікі бяспекі ў сельгасарганізацыі. Сярод іншага, загінулы мужчына быў слесарам у рамонце сельгастэхнікі, і яго незаконна дапусцілі да выканання працы на камбайне на пасадзе трактарыста-машыніста.