Што адбываецца на аўтарынку ў Беларусі
6- 13.09.2023, 21:38
- 16,676
Кіроўцам трэба бегаць па аўтацэнтрах, каб «урваць» аўто.
У жніўні попыт на новыя аўто перавысіў прапанову. І гэта адбываецца, відаць, не праз рэзкі рост цікавасці пакупнікоў, а праз праблемы з пастаўкамі машынаў. Прычым гэтая праблема тычыцца ў тым ліку Geely, якія цяпер часцей за ўсё набываюць беларусы. «Люстэрка» як фізічная асоба даведалася ў дылераў, як ідзе справа з наяўнасцю машынаў. Высветлілася, што пасля першага візіту ў салон набыць машыну наўрад ці атрымаецца, прынамсі, не бюджэтную.
«Чакаць трэба аўто як на механіцы, так і на аўтамаце»
Самы прадаваны сёння аўтамабіль у Беларусі – Geely, але набыць большасць мадэляў хутка не атрымаецца, таму што ў многіх дылераў машынаў у наяўнасці няма ўвогуле, а ў некаторых – толькі дарагія мадэлі. Напрыклад, у сталічным аўтасалоне на вуліцы Арлоўскай паведамілі, што ў іх ёсць пазадарожнік Tugella. Аўто ёсць у дзвюх камплектацыях. Тое, што таннейшае, каштуе 111 600 рублёў, даражэйшае – 126 800 рублёў. А вось самы бюджэтны варыянт – седан Emgrand за 49 200 і 56 900 рублёў – давядзецца чакаць.
– Чакаць аўто з аўтаматам трэба пяць месяцаў, на механіцы блізу трох месяцаў. Але гэта калі будуць пастаўкі з завода, яны пакрысе іх адпускаюць. Але так ужо даўно, я да гэтага прывык, – праінфармаваў прадавец.
У гэтым салоне ад трох да сямі месяцаў трэба чакаць красовер X50, ён ёсць у трох камплектацыях. Кошты – 63 000, 66 000 і 74 000 рублёў.
Спецыяліст сказаў, што бывалі выпадкі, калі ад машыны нехта адмаўляўся і яе адразу ж прапаноўвалі іншаму чалавеку, які яе і набываў. Але цяпер верагоднасць гэтага вельмі невялікая.
Мужчына адзначыў, што ў дылераў Geely няма агульнай базы пра наяўнасць мадэляў аўто, нават салоны іх кампаніі, якія знаходзяцца на вуліцах Арлоўскай і Маякоўскага, маюць розныя чэргі з ахвотных набыць машыну. Таксама ён не выключыў верагоднасць таго, што ў рэгіёнах будзе ў наяўнасці дэфіцытны бюджэтны седан.
У салоне ў раёне вёскі Баравая ў наяўнасці таксама быў пазадарожнік Tugella. Там паабяцалі, што седан Emgrand у іх давядзецца чакаць менш, чым на Арлоўскай, – блізу паўтара месяца.
– Чакаць трэба аўто як на механіцы, так і на аўтамаце. Цяпер попыт перавышае прапанову. Тэрміны залежаць ад таго, колькі машынаў прыходзіць, як размяркоўваецца квота, а таксама трэба браць да ўвагі, колькі людзей запісаныя ў чаргу, – растлумачылі ў аддзеле продажаў.
У аўтацэнтры Geely у Берасці ў наяўнасці не было ні адной мадэлі маркі. Хоць было меркаванне, што раз горад знаходзіцца побач з Еўропай, то мясцовым жыхарам прасцей прыгнаць былое ва ўжытку аўто адтуль.
– Ды хто адтуль іх гоніць? Усе разумеюць, што сэнсу ў гэтым няма. У нас Emgrand на механіцы каштуе блізу 15 тысячаў [даляраў], яна як Volvo, з таётаўскім рухавіком, ацынкаваная, надзейная новая машына. Што з-за мяжы прыгоніш за гэтыя грошы? А яшчэ можна там набыь, а машына будзе не вельмі, – паведаміў супрацоўнік аддзела продажаў.
У дылера ў Гомелі аўтамабіляў таксама не было ў наяўнасці, іх трэба чакаць.
– Нам тэлефанавалі людзі з Гародні, Магілёва і Віцебска, цікавіліся, ці ёсць у наяўнасці аўтамабілі. Мадэлі ў салоны паціху паступаюць, але я ведаю, што ўсюды на іх чэргі, мы таксама ахвотных запісваем.
Суразмоўца парэкамендаваў запісацца ў чаргу на машыну адразу ў некалькіх дылераў і чакаць, хто патэлефануе раней. Заадно ён адзначыў, што ў суседзяў у Расеі Geely таксама ў дэфіцыце, да таго ж кошты там вышэйшыя, чым у Беларусі.
– У нас жа яшчэ і крэдыт на куплю можна ўзяць. Ды і праблемаў з рамонтам і абслугоўваннем аўто не будзе, завод ад Гомеля знаходзіцца за 300 кіламетраў. За кошт гэтага мы і прадаем вельмі шмат аўтамабіляў.
«Няма інфармацыі, калі будзе пастаўка наступнай партыі»
У дылера Volkswagen у Менску ў наяўнасці ёсць толькі камерцыйны транспарт, самы невялікі варыянт для пасажыраў – Caddy, сабраны ў Польшчы. Ёсць пяці- і сямімесная мадэль аўта. Першы варыянт – на кароткай базе, кошт яго пачынаецца ад 34 000 даляраў (блізу 110 000 рублёў). Але набытак трэба будзе чакаць блізу тыдня, пакуль яна выедзе з мытні і яе падрыхтуюць да продажу.
Таксама на сайце быў заўважаны Volkswagen Touareg, але праз некалькі гадзінаў мадэль знікла. Высветлілася, што яны былі сабраныя ў Славеніі.
– Вольных Touareg сёння няма. Яны прадстаўленыя ў салоне, іх можна паглядзець, але іх прадалі. У нас няма інфармацыі, калі будзе пастаўка наступнай партыі. Але я магу адзначыць, што вы хочаце гэтую мадэль, кошт яе пачынаецца ад 85 000 даляраў (273 683 рублёў паводле курсу Нацбанка на 13 верасня. – Заўвага. рэд.), – растлумачыў супрацоўнік дылерскага цэнтра.
Пастаўкамі іншых мадэляў VW дылер цяпер не займаецца. Таксама спецыяліст запэўніў, што з рамонтам і абслугоўваннем новых аўто, набытых у іх цэнтры, праблемаў не будзе.
Дылер Renault цяпер прадае адзіную мадэль красовер Koleos. Мяркуючы з сайта, гэтых аўто засталося няшмат – 22 штукі. Мадэль прэміум камплектацыі каштуе 127 000 рублёў.
– Ён сабраны ў Паўднёвай Карэі. Праблемаў з рамонтам і абслугоўваннем новых аўто ў нас няма, – паведаміў супрацоўнік цэнтра.
Высветлілася, што іншых мадэляў Renault дылер не чакае, у цэнтры можна паглядзець толькі машыны з прабегам.