Ва ўзросце 61 года памёр ксёндз Ян Гавецкі
3- 21.02.2024, 20:15
- 6,528
Ксёндз быў вядомы як ініцыятар розных пастырскіх ініцыятываў.
Апошнім часам Ян Гавецкі быў адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай (св. Юды Тадэвуша) у Прывалках (дэканат Гродна-Усход).
Падчас служэння ў Іўеўскай парафіі святар стаў ініцыятарам правядзення там фестывалю калядных песняў Gloria in excelsis Deo, які ўважаецца за адну з яскравых рэлігійных падзей жыцця Касцёла ў Беларусі, піша catholic.by.
Сёння а 18-й цела спачылага святара будзе прывезенае для развітання ў парафіяльны касцёл Маці Божай Шкаплернай у вёсцы Прывалкі (Гродзенскі раён). У 18.30 — святая Імша і малітва пры труне. А 9-й раніцы ў чацвер імша ў парафіяльным касцёле ў вёсцы Прывалкі.
Потым развітанне пройдзе ў Гродне. 11.00 — прыбыццё ў парафіяльны касцёл Маці Божай Анёльскай у Гродна (Францысканскі). 12.00 — святая імша ў Францысканскім касцёле.
Пасля імшы — развітанне і пахаванне на парафіяльных Францысканскіх могілках у Гродне (зав. Перамогі).
Ян Гавецкі нарадзіўся 28 сакавіка 1962 года ў Гродне. Прэзбітарскае пасвячэнне яму надаў 27 траўня 1990 г. у гродзенскім фарным касцёле св. Францішка Ксаўера, у той час першай у Беларусі малой базыліцы, сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля пасвячэння адзін год быў вікарыем парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Шакяі (Літва). Пасля вярнуўся на радзіму і ў 1991—1996 гг. быў пробашчам парафіі ў Трабах, а з 1996 да 2021 г. — пробашчам парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
У 2022 г. быў прызначаны адміністратарам парафіі Маці Божай Шкаплернай у Прывалках (дэканат Гродна-Усход).
Ксёндз Ян Гавецкі быў вядомы як ініцыятар розных пастырскіх ініцыятываў. Менавіта ён быў галоўным натхняльнікам дэканальных фестываляў калядак і пастаралак, якія праходзяць штогод у Доме культуры ў Іўі.