Экс-прэм'ер Чэхіі Бабіш працаваў на савецкія спецслужбы
7- 7.02.2024, 21:20
- 10,764
Ён быў завербаваны ў 1982 годзе.
Былы чэшскі прэм'ер-міністр Андрэй Бабіш пацярпеў паразу з апошняй апеляцыяй у Славакіі паводле справы, якая тычылася абвінавачанняў у супрацоўніцтве з таемнай паліцыяй камуністычнай эпохі ў тагачаснай Чэхаславакіі.
Пра гэта паведамляе АР.
Бабіш, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Славакіі, судзіўся з Інстытутам нацыянальнай памяці краіны, дзе з 1993 года захоўваецца ягоная асабістая справа таемнай паліцыі Чэхаславакіі пасля яе падзелу ў 1993 годзе.
Як сцвярджалі ў Інстытуце нацпамяці Славакіі, у 1982 годзе таемная паліцыя завербавала Бабіша і прысвоіла яму кодавае імя «Бурэш». Чэшскі экс-прэм'ер гэта катэгарычна адмаўляў і спрабаваў аспрэчыць праз суд.
Суд у Браціславе адхіліў пазоў Бабіша яшчэ ў 2018 годзе, але Канстытуцыйны суд Славакіі пазней прызначыў паўторны разгляд, заявіўшы, што адказнікам мусіць быць не Інстытут нацыянальнай памяці, а Міністэрства ўнутраных справаў Славакіі.
У 2022-м суд першай інстанцыі зноў адхіліў пазоў Бабіша, а ў верасні 2023 года аналагічную пастанову прыняў Вярхоўны суд Славакіі. Кропку паставіў Канстытуцыйны суд краіны, які канчаткова стаў на бок адказнікаў 1 лютага.
Андрэй Бабіш цяпер знаходзіцца ў чэшскай апазіцыі пасля таго, як ягоная цэнтрысцкая папулісцкая партыя ANO пацярпела паразу на выбарах 2021 года. Ён балатаваўся на пасаду прэзідэнта Чэхіі на выбарах у студзені 2023 года, але саступіў генералу ў адстаўцы Пятру Павелу.