27 красавiка 2024, Субота, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Макрон шакаваў Крэмль

36
Макрон шакаваў Крэмль

У Францыі ёсць важкія аргументы.

Цяперашнюю замежнапалітычную пазіцыю прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона я б разглядаў у кантэксце агульнай эвалюцыі стратэгічнай думкі на Захадзе. На той момант, калі Макрон рабіў заявы накшталт таго, што нельга прыніжаць Пуціна, дык ён, відавочна, быў шчыры. Але паўтараю яшчэ раз: адбыўся працэс агульнай эвалюцыі стратэгічнай думкі з прыняцця Расеі як пагрозы, а не патэнцыйнага партнёра ў будучыні, і наконт таго, якія шляхі могуць быць ва ўрэгуляванні ваеннага канфлікту Расеі і Украіны. Рэлевантнае, магчыма, нават у пачатку канфлікту, зараз ужо амаль відавочна, што гэта была стратэгічная памылка.

Таму, па-першае, гэта агульныя псіхалагічныя змены, стратэгічныя змены не толькі ў галаве Макрона, але агулам сярод еўрапейскіх заходніх лідараў. Другое, гэта тое, пра што Макрон нават публічна сказаў, што ягонай мэтай з'яўляецца абарона інтарэсаў Украіны, і ён таксама бачыць у гэтым французскія нацыянальныя інтарэсы. Цяпер цяжка сказаць, наколькі гэтая заява была сюрпрызам не толькі для партнёраў, але і для ўласнага ўрада Францыі. Хутчэй за ўсё, гэта быў экспромт. Ці наўрад гэтаму папярэднічалі грунтоўныя кансультацыі ці па лініі МЗС, ці па лініі вайскоўцаў. Але, як бы тамака ні было, на мой погляд гэта даволі дадатная і магу выказаць здагадку, што прадуктыўная правакацыя.

Гэтымі заявамі Макрон усё ж прымусіў еўрапейскіх партнёраў чарговы раз сур'ёзна задумацца над тым, якія могуць быць сцэнары канфлікту, у выпадку, калі Захад не мабілізуецца да ўзроўню, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне, якія могуць быць потым сцэнары і пагрозы для еўрапейскага кантынента. Гэта, што Захаду давядзецца пасылаць сваіх жаўнераў (адзін з элементаў гэтага негатыўнага сцэнару). Макрон кажа - калі вы не хочаце, каб нам давялося пасылаць сваіх жаўнераў, давайце зараз усё ж думайце, як гэтага не дапусціць.

Па-другое, Макрон зараз зрабіў першым сур'ёзны крок у разрэз агульнапрынятай палітыкі падыходаў, якія дагэтуль дамінуюць як у ЗША, так і ў многіх еўрапейскіх дзяржавах. Гэта тое, што называецца «мэнэджмэнт эскалацыі». Два гады практычна адным з ключавых маркераў быў не дапусціць эскалацыі, не справакаваць Пуціна на нейкія радыкальныя дзеянні, ажно да выкарыстання ядзернай зброі. Макрон гэтым сваім крокам, фактычна, пайшоў на эскалацыю. У Маскве быў шок, судзячы з тых абмеркаванняў, з той рэакцыі. Бо яны прывыклі ўжо да таго, што Захад і Еўропа (нягледзячы на ўвядзенне новых санкцый, пастаўкі Украіне дадатковай зброі) у крытычны момант будуць даваць заднюю. І тут Макрон, уласна кажучы, зламаў іх парадыгму, таму я ў гэтым бачу, скажам, вялікі пазітыў.

Зноў жа, мы не можам зазірнуць у галаву Макрону - наколькі ён рашучым збіраецца быць у практычным выкананні абяцанняў для Украіны - пагроз для Расеі. Але, усё адно - слова сказанае, і пасля гэтага, яно ўжо выглядала б з яго боку як падрыў свайго аўтарытэту, калі Макрон зменіць сваю рыторыку на зваротную.

Што да вайсковай моцы Францыі. Памятаць, што яна з'яўляецца ядзернай дзяржавай, і французскія ўзброеныя сілы ўвесь час удзельнічаюць у аперацыях. У іх ёсць, магчыма, не такі вялікі, але баявы кантынгент, у іх ёсць магчымасці аператыўнай перадыслакацыі гэтых сіл. Але пры гэтым я не думаю, што Макрон настолькі сур'ёзна ўжо настроены на тое, што ў нейкай найбліжэйшай перспектыве можа прапанаваць сваю брыгаду ці нават батальён на дапамогу Украіне.

У Францыі ёсць ракеты далёкага радыусу дзеяння. Францыя ўжо пастаўляе Украіне ракеты Scalp. Калі Макрон і далей будзе працягваць рабіць такія заявы, то найперш гаворка можа быць пра некантактную вайну. Гэта значыць, гэта можа быць (я не кажу, што практычна) дэкларацыя аб гатоўнасці, напрыклад, на запыт Украіны наносіць удары па цэлях на акупаванай тэрыторыі Украіны. Гэта значыць, гаворка не ідзе аб нападзе па тэрыторыі Расеі, а па тэрыторыі Украіны. Украіна мае суверэннае права запытваць такую дапамогу, і ўрад Францыі, маючы таксама двухбаковае пагадненне і кіруючыся іншымі міжнароднымі дакументамі, мог бы адгукнуцца на гэта. Нават самі заявы такога кшталту – яны могуць зрабіць эфект.

У адной са сваіх заяў Макрон згадаў Адэсу. Зразумела, што ўваход у Адэсу з мора блакуецца Турцыяй. Некалькі тыдняў таму была такая крыху дзіўная спроба правакацыі. То бок, гэта заява дэпутатаў усіх узроўняў Прыднястроўя, потым сустрэча лідара Гагаузіі з Пуціным асабіста, што ўвогуле выглядала дзіўна з пункту гледжання дыпламатычных кантактаў. Але гэта такі трывожны сігнал аб тым, што Расея не пакінула намеру падпаліць гэты замарожаны канфлікт. Таму яшчэ як больш-менш рэалістычны варыянт Украіна магла б запрасіць міжнародныя сілы, напрыклад, для блакавання ўкраінска-прыднястроўскай граніцы. То бок, гэта не ўдзел у баявых дзеяннях, гэта нешта накшталт крызіс-мэнэджмэнту. Вось уласна тыя варыянты, якія, на мой погляд, маюць больш-менш рэалістычны выгляд.

Многія бачаць у гэтых заявах амбіцыі Макрона на еўрапейскае лідарства. Гэта такое здаровае спаборніцтва з Нямеччынай - хто будзе першым у рангу хаўруснікаў Украіны. То бок, калі мы гаворым пра нейкія ўласныя палітычныя інтарэсы Макрона, то гэта, відаць, заяўка на яго лідарства ў Еўропе. У кантэксце гэтага натуральнага спаборніцтва Парыжа і Берліна. Праўда, пакуль Шольц яму не канкурэнт, бо, як мы ведаем, успрыманне гэтай рашучасці вельмі часта грунтуецца не столькі на канкрэтных паказчыках, але таго, хто робіць рашучыя заявы. Таму што медыйны фактар часам можа адыгрываць больш магутную ролю, чым практычны.

Ну і заявы Макрона наконт Украіны - гэта можа быць таксама спроба не тое, каб справакаваць, але дзесьці крышку падбадзёрыць адміністрацыю Байдэна, каб яны былі таксама больш рашучыя ў сваіх дзеяннях. Была ж серыя візітаў еўрапейскіх лідараў у Вашынгтон, дзе яны ўсімі сіламі спрабавалі неяк іх заклікаць да разумнага сэнсу.

Аляксей Мельнік, nv.ua

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках