27 красавiка 2024, Субота, 13:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея папрасіла бензін у Беларусі пасля краху вытворчасці і нападаў на НПЗ

47
Расея папрасіла бензін у Беларусі пасля краху вытворчасці і нападаў на НПЗ

Падрабязнасці.

Істотнае падзенне вытворчасці бензіну ў Расеі пасля налётаў беспілотнікаў на найбуйнейшыя НПЗ вымусіла Крэмль звярнуцца па дапамогу да Аляксандра Лукашэнкі.

Каб пазбегнуць дэфіцыту паліва, Масква пачне закупляць беларускі аўтабензін у аб'ёме 100-150 тысяч тон за месяц. Пра гэта ў чацвер у кулуарах форуму Санкт-Пецярбуржскай міжнароднай таварна-сыравіннай біржы паведаміў кіраўнік камітэта энэргетыкі Дзярждумы РФ Павел Завальны.

«Яны пагадзіліся дапамагчы ў моманце, хоць зразумела, што ў іх экспартная альтэрнатыва (больш выгадная)», – сказаў Завальны (яго цытуе Reuters).

Перамовы з Беларуссю ішлі на ўзроўні ўрадаў і нафтавых кампаній, расказалі крыніцы агенцтва, знаёмыя з сітуацыяй. Паводле плану расейскія нафтавікі павялічаць адгрузкі сыравіны на два беларускія НПЗ — «Нафтан» і Мазырскі, кожны магутнасцю 12 млн тон за год. Паліва з гэтых заводаў адправіцца на расейскі рынак, які, паводле звестак Расстата, з пачатку сакавіка страціў дзясятую частку вытворчасці бензіну.

На падлікі Reuters, праз напады беспілотнікаў у аварыйным прастоі знаходзяцца 14% магутнасцяў расейскіх НПЗ, з іх амаль 10% прыпадае на заводы, якія вырабляюць аўтабензін і дызпаліва для ўнутранага рынку.

13 сакавіка ад удару БПЛА пацярпеў найбуйнейшы НПЗ «Раснафта» ў Разані, які забяспечвае палівам у тым ліку Маскву і вобласць. Пасля пажару на заводзе спынілі працу дзве ўстаноўкі, у выніку чаго вытворчасць бензіну ўпала на траціну (3,3 тысячы тон за дзеень), а дызпаліва больш, чым на палову (5,8 тысячы тон за дзень). 16 сакавіка праз атаку БПЛА загарэлася адзіная дзейная ўстаноўка нафтаперапрацоўкі на НПЗ у Сызрані (таксама належыць «Раснафце»), а 28 сакавіка стала вядома, што спыніў працу Куйбышаўскі НПЗ кампаніі. У мінулыя выхадныя праз пажар ён спыніў адну з дзвюх установак па перапрацоўцы нафты, а праз некалькі дзён давялося адключыць і другую.

Расея ўжо значна нарошчвае закупы беларускага бензіну, кажуць крыніцы Reuters: у студзені такіх паставак не было, у лютым яны склалі 590 тон, а за першыя два тыдні сакавіка - амаль 3 тысячы тон. Далейшая сітуацыя будзе залежаць ад таго, наколькі хутка ўдасца адрамантаваць заводы, падкрэсліваюць суразмоўцы агенцтва: сітуацыя ўвесь час мяняецца, адбываюцца новыя пажары.

За тыдзень, які скончыўся 24 сакавіка, выпуск аўтамабільнага бензіну ў Расеі абрынуўся на 7,4% і склаў 754,6 тысячы тон, даваў справаздачу ў сераду Расстат.

Тыднем раней у Расеі было выраблена 815,3 тысячы тон бензіну, за тыдзень з 4 да 10 сакавіка - 838,9 тысячы тон. Такім чынам, за тры тыдні эканоміка страціла 10,1% вытворчасці бензіну. Выпуск дызельнага паліва за той жа перыяд асеў на 3,9%, да 1,648 млн тон.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках