Украінскі лётчык: Су-27 над Крымам мог упасці праз два чыннікі
6- 29.03.2024, 20:15
- 15,956
Аналіз вайсковага экспэрта.
У чацвер, 28 сакавіка, расейскі знішчальнік Су-27 быў збіты над тэрыторыяй Крыма і ўпаў у Чорнае мора. На сённяшні дзень агучаны дзве версіі: тэхнічная няспраўнасць і памылка расейскай супрацьпаветранай абароны (СПА).
Што магло адбыцца напраўду? Такое пытанне сайт Charter97.org задаў украінскаму лётчыку і вайсковаму экспэрту Аляксею Мельніку:
- Мяркую, што маглі быць і першая, і другая прычыны. Паколькі выключаецца версія, што гэта была праца ўкраінскай СПА, то ў гэтым выпадку найбольш верагодны "сяброўскі агонь".
Такую выснову можна зрабіць зыходзячы з інфармацыі відавочцаў, якія чулі гукі пускаў да таго, як самалёт пачаў падаць. Падкрэслю, хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра "сяброўскі агонь".
Хаця нельга выключаць і версію пра тэхнічную няспраўнасць. Дарэчы, расейскае кіраўніцтва (вышэйшае і вайсковае) заўсёды і на кожным узроўні спрабуе не столькі ўстанавіць праўду (а тым больш расказаць пра яе шырокай публіцы), колькі прыдумаць найбольш зручную для сябе версію, што, увогуле, у іх не заўсёды добра атрымлівае. Потым ім даводзіцца расхлёбваць наступствы хлусні, якая была зробленая спачатку.
Падкрэслю, што Украіна на сённяшні дзень не мае зброі для знішчэння расейскіх Су ў палёце над Крымам. Бо далёкасць дзеяння ўкраінскіх сістэм СПА не дазваляе іх збіваць. Максімум, на што можна разлічваць пры ідэальных умовах - гэта блізу 150 км.
Далёкасць дзеяння СПА залежыць ад шматлікіх фактараў. У тым ліку ад вышыні палёту цэлі. Нават пры ідэальных умовах украінскае СПА зараз тэхнічна не здольнае дастаць да Севастопаля. Гэта тое, што тычыцца наземных комплексаў.
- Тады наколькі эфектыўная расейская СПА на акупаванай паўвыспе? Як яе можна вывесці з ладу?
- Ёсць некалькі спосабаў супрацьдзеяння СПА. Гэта як радыёэлектронная барацьба, так і найбольш эфектыўны спосаб - знішчэнне. У гэтым плане Украіна ўжо пэўную частку працы зрабіла. Былі пацверджаныя факты знішчэння найбольш сучасных расейскіх ракетных комплексаў С-400. Але існуе праблема ў абмежаваных рэсурсах Украіны для таго, каб рабіць гэта рэгулярна і ў большых маштабах.
- У лютым Паветраныя Сілы Украіны збілі 13 расейскіх самалётаў. Як гэта адбілася на маральным стане і якасці падрыхтоўкі экіпажаў?
- Ведаеце, аб гібелі 13-ці акупантаў, скажам, "Шторм-Z" будуць ведаць максімум іх сваякі і суседнія падраздзяленні. Лётны ж склад - гэта даволі малалікая група афіцэраў. Таму гібель нават аднаго лётчыка імгненна разыходзіцца па ўсёй гэтай супольнасці.
Больш за тое, у авіяцыі заўсёды ёсць такая практыка, як інфармацыйны бюлетэнь. Кожная аварыя або катастрофа (прынамсі ў мірны час) ідзе з абвесткай папярэдніх прычын і калі скончанае расследаванне. Гэта значыць, гэтыя выпадкі становяцца вядомыя ўсяму лётнаму складу.
Цяжка сказаць, які на расейскіх лётчыкаў гэта зрабіла эфект. Мы ў іншых выпадках назіраем дастаткова непрагназаваную і нелагічную рэакцыю расейцаў на баявыя страты. Бо па ідэі 400 тысяч страт павінны былі б дэматываваць усё расейскае насельніцтва ад удзелу ў вайне. Пакуль мы гэтага не назіраем.