20 чэрвеня 2024, Чацвер, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка дагуляўся

29
Зміцер Бандарэнка: Лукашэнка дагуляўся
СІСТЭМА AWACS

Супраць беларускага рэжыму працуюць усе заходнія выведкі.

Хто ўдзельнічаў у новай змове супраць Пуціна?? Чаму Лукашэнку варта баяцца вучэнняў NATO? Як беларусы далі «аплявуху» былым чыноўнікам і сілавікам? Ці мае рацыю Міхаіл Хадаркоўскі, калі кажа аб пройгрышы Украіны?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з каардынатарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Змітром Бандарэнкам.

«Пуцін раскрыў змову генералаў з міністэрства абароны»

- Самыя галоўныя навіны з франтоў вайны ва Украіне - шэраг заходніх краін скасаваў абмежаванні на ўдары па тэрыторыі Расеі сваёй зброяй, а найбліжэйшым часам Францыя можа адправіць сваіх вайсковых інструктараў ва Украіну. Захад пачынае разумець, з кім мае справу ў асобе Пуціна?

- Думаю, што Захад ужо даўно разумее, з кім ён мае справу, асабліва пасля Бучы і Ірпеню, пасля злачынстваў супраць мірнага насельніцтва, заўважаных светам. Захад разумее, што ён мае справу з агрэсіўнай краінай, якая пастанавіла разбурыць сусветны парадак і не абмяжоўвае сябе ніякімі міжнароднымі нормамі.

Украіна ўжо атрымала блізу 150 мільярдаў даляраў (як вайсковай дапамогі, так эканамічнай і гуманітарнай) ад розных краін. Вядучую ролю ў гэтым адыгрываюць ЗША, NATO, Еўрапейскі Звяз, Аўстралія, Японія, Паўднёвая Карэя, ёсць нават краіны трэцяга свету. Мы бачым сістэмныя дзеянні з боку дэмакратычных краін для дапамогі Украіне. Цяпер яны знаходзяць усё большую дакладнасць і паслядоўнасць.

- У Расеі прайшлі маштабныя чысткі і адстаўкі ў Мінабароны і сярод генералітэту. Пасля гэтага шмат хто загаварыў пра тое, што Пуцін рыхтуецца да зацяжной вайны. Як вы думаеце, ці можа Расея весці доўгую вайну ці гэта блеф?

- Мая версія, што Пуцін раскрыў змову, гэта не барацьба з карупцыяй. Генерала Папова, войскі якога знаходзіліся на асноўным адрэзку ўдару ўкраінскага контрнаступлення, можна назваць «расейскім Ромелем». Бо ён выратаваў войска РФ ад разгрому. Можна па-рознаму да яго ставіцца, але ён прафесіянал, а зусім не галоўны карупцыянер.

У першай змове бралі ўдзел Прыгожын, Суравікін і некаторыя расейскія генералы, а цяпер гэта змова намеснікаў міністра абароны і шэрагу баявых генералаў, бо яны разумеюць, што Пуцін знішчае і расейскае войска, і Расею як краіну. РФ не выйдзе пераможцай з гэтай вайны

Цяпер часта ўзгадваюць прыклад ірана-ірацкай вайны, якая доўжылася восем гадоў. Але ўсе забываюцца сказаць, што дэмаграфічная сітуацыя ў Іране і Іраку значна адрозніваецца ад таго, што назіраецца ў Расеі. Многія людзі, асабліва наверсе, разумеюць, што Пуцін знішчае Расейскую Федэрацыю. Так, яны запалоханыя, так, яны баяцца, але вайскоўцы, якія ўмеюць лагічна думаць, разумеюць, што Пуцін вядзе Расею да катастрофы.

Справа зусім не ў карупцыі. Што да гатоўнасці весьці працяглую вайну – Пуцін хацеў бы весці яе да самай смерці. Бо пасля Крыма ён выразна ўлавіў настроі думак расейскага плебсу, якому не будзе чаго есці, але ён будзе вытарэшчвацца ў тэлевізар і цешыцца захопам «новых тэрыторый» (як быццам у іх старых мала). Пуцін зразумеў, што толькі такім чынам можа выжыць, бо Расея за ім ператварылася ў краіну трэцяга свету і ў эканамічным плане, і ў дэмаграфічным, і ў плане лідарства. Таму Пуцін будзе імкнуцца да працягу вайны, што не выключае выгаднага для яго замірэння па той лініі фронту, якая існуе. Расейцы хацелі б атрымаць перадышку, але для працягу далейшых агрэсіўных дзеянняў.

«Лукашэнка дагуляўся»

- Больш смелыя крокі Захаду ўплываюць і на сітуацыю ў Беларусі. Так кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбэргіс заявіў, што Украіна мае права біць па расейскіх вайсковых цэлях у Беларусі. Заходнія СМІ пісалі, што калі войскі NATO з'явяцца ва Украіне, яны могуць знаходзіцца на мяжы з нашай краінай. Лукашэнка сам не раз апісваў сцэнар, калі заходнія вайскоўцы будуць вызваляць Беларусь. Ці ёсць чаго баяцца Лукашэнку ў гэтай сітуацыі?

- Нядаўна скончыліся найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны вучэнні NATO, якія працягваліся на вялікай тэрыторыі: ад Чорнага мора да Балтыйскага. У іх удзельнічала вялізная колькасць войскаў. Гэтыя вучэнні былі накіраваныя і супраць рэжыму Лукашэнкі. Удзельнічалі і былыя постсавецкія краіны, постсацыялістычныя краіны, якія сёння ў NATO. Былі перакінутыя 20 тысяч брытанскіх вайскоўцаў. Гэта ўнікальная падзея, бо войска Вялікай Брытаніі налічвае блізу 75 тысяч. Уявіце, якая частка брытанскіх узброеных сіл была задзейнічаная ў гэтых вучэннях. Манеўры праходзілі на тэрыторыі Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Румыніі.

Лукашэнка надумаў надаць сабе значнасць і заявіць, што ў яго ёсць ядзерная зброя. Некаторыя эксперты мяркуюць, што на тэрыторыі Беларусі яе няма. Аднак гэта выклікала цікавасць у адказ з боку NATO да беларускага рэжыму. Можна сказаць, што то гэтыя вучэнні - адказ на бразганне зброяй Пуціна і Лукашэнкі. Шэраг польскіх палітыкаў заяўляе, што ў іх краіне павінна быць размешчаная ядзерная зброя. Праўда, на зусім іншых прынцыпах. Цяпер пачынаюцца найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны вайскова-марскія вучэнні ў Балтыйскім моры. З удзелам марскіх пяхотнікаў, маракоў, марскіх лётчыкаў. Можна казаць, што гэтыя вучэнні скіраваныя і супраць беларускага рэжыму. Лукашэнка ў пэўнай ступені дагуляўся, бо калі параўнаць тую сітуацыю, якая была ў нулявых гадах, дзясятых, Беларусь была членам міжнародных вайсковых пагадненняў, а сёння супраць рэжыму Лукашэнкі працуюць усе выведкі свету - як выведка стратэгічная, спецыяльнага прызначэння, вайсковая (ужо на ўзроўні батальёнаў).

Сёння беларускую тэрыторыю манітораць ва ўзмоцненым рэжыме са спадарожнікаў, выведвальных беспілотнікаў, паветраных шароў, з дапамогай самых сучасных радыёэлектронных сродкаў, самалётаў-выведнікаў. Не забываем, што геаграфія Беларусі - тысяча кіламетраў мяжы з краінамі NATO, тысяча - з Украінай, тысяча з Расеяй. У гэтым плане Лукашэнка апынуўся пад вялізным павелічальным шклом. Ён кроку не можа зрабіць, усе яго рухі фіксуюцца. А яго заявы аб ядзернай зброі прывялі да таго, што асноўныя аб'екты беларускіх сілавікоў сёння сталі патэнцыйнымі цэлямі краін NATO. Нават на ўзроўні баз унутраных войскаў, АМАПа, ГУУС і, вядома, рэзідэнцый дыктатара.

У свой час я бачыў вынікі кропкавых удараў краін NATO па аб'ектах рэжыму Мілошавіча ў Сербіі, якія прывялі да ягонага канца. Лукашэнка, вядома, у звязку з Пуціным, але доўга гэта не будзе працягвацца.

«Беларусы далі смачную поўху жулікам»

— Давайце пагаворым пра так званыя выбары ў каардынацыйную раду. Прагаласавалі 6700 чалавек. Што б не казалі арганізатары гэтага галасавання, гэта вельмі мала, нават калі браць колькасць беларусаў, якія выехалі з краіны. Чаму гэтыя выбары праваліліся?

- Беларусы паказалі сваю псіхалагічную адэкватнасць і палітычную сталасць. Бо не сакрэт, што сярод тых, хто вылучаўся ў новыя «дэмакратычныя начальнікі», непрапарцыйная колькасць прапагандыстаў, чыноўнікаў і сілавікоў лукашэнкаўскага рэжыму, якія дзесяцігоддзямі не толькі ніякай ролі не адыгрывалі ў беларускім Супраціве, але і актыўна будавалі дыктатуру, а цяпер ці атрымалі заданне, ці проста маюць нахабства называцца «дэмакратычнымі лідарамі». Сёння ўсе яны атрымалі смачную аплявуху. Беларусы адмовілі гэтым жулікам у даверы. Магчыма, сярод удзельнікаў гэтых выбараў былі і прыстойныя людзі, але, шчыра кажучы, мне незразумела, што прымусіла іх удзельнічаць у гэтым цырку.

Натуральна, гэта аплявуха і Ціханоўскай, яе так званаму офісу, бо многія людзі з гэтай структуры ўдзельнічалі ў гэтых дурыбарах. Гэта аплявуха і тым заходнім экспертам, якія чамусьці думалі, што былыя лукашысты - прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі. Беларускія грамадзяне і ўнутры краіны, і за мяжой паказалі, што іх на мякіне не правядзеш.

Мы ўбачылі своеасаблівы байкот. Бо беларусы раней байкатавалі бессэнсоўныя мерапрыемствы рэжыму - мясцовыя «выбары», большасць «выбараў» у «палатку». Тое ж самае і тут - ігнараванне бессэнсоўнага мерапрыемства. Магу сказаць, што праваліліся і тыя СМІ, якія спрабавалі раздзьмуць тэму так званых выбараў, надаць ім цікавасці (не ведаю, на загад ці заклік сэрца). Пасля многія журналісты псэўданезалежных СМІ прызнаваліся, што гэтыя «выбары» былі цікавыя толькі 1% аўдыторыі.

Мяркую, што гэта заканамерны вынік.

«Вайна разбурае эканоміку РФ, што ў выніку прывядзе да яе паражэння»

- Вядомы расейскі апазіцыянер Міхаіл Хадаркоўскі заявіў аб «фактычным пройгрышы» Украіны. Ён мяркуе, што калі Захад працягне надаваць Кіеву дапамогу на тым узроўні, які ёсць сёння, то да 2026 года расейцы дойдуць да Львова. Ці падзяляеце вы гэты пункт гледжання?

- Хачу сказаць, што Хадаркоўскі дакладна выступае на баку Украіны. Я ведаю, што ён надае вялікую гуманітарную дапамогу ўкраінцам, перажывае за развіццё сітуацыі. Ягоныя словы былі вымаўленыя ў той момант, калі было незразумела, ці пойдзе дапамога з ЗША для Украіны. Хадаркоўскі казаў, што без амерыканскай дапамогі наступіць вось такі вынік.

Я не зусім згодны з ягонымі выкладкамі, дзе ён кажа, што Пуцін выдаткоўвае ўсяго 5% ВУП на вайну, а Расея пачуваецца выдатна. Мне здаецца, што $60 мільярдаў амерыканскай дапамогі, плюс, мусіць, 40 мільярдаў ад іншых краін (і гэта толькі за адзін год), - велізарная дапамога.

Мы бачым, што расейцы ў паніцы і распачалі пэўныя дзеянні, пакуль украінцы яшчэ не атрымалі магутную заходнюю зброю. З іншага боку, Расея знаходзіцца ў наступе. Каб кампенсаваць такую велізарную дапамогу, расейцам трэба марнаваць утрая больш сродкаў - не менш за 300 мільярдаў. На стварэнне новых тыпаў зброі, на вялізныя заробкі шараговым салдатам, на новую мабілізацыю і гэтак далей.

Плюс Расея шмат губляе праз санкцыі. Мы ведаем, што ў 2023 годзе страты экспарту РФ склалі 180 мільярдаў даляраў. Расеі неабходна ўтрымліваць кантроль над акупаванымі тэрыторыямі Украіны, дапамагаць рэжыму Лукашэнкі, не патрабуючы вяртання крэдытаў. Плюс Паўднёвая Асеція, Абхазія, Прыднястроўе, дапамога сваім паўночнакаўказскім датацыйным рэгіёнам. Неабходна ствараць новую групоўку ў Балтыйскім рэгіёне, рэагуючы на ўваходжанне ў NATO Швэцыі і Фінляндыі. Страта высокапрыбытковага еўрапейскага газавага рынку патрабуе вялізных інфраструктурных капіталаўкладанняў, каб даставіць газ у Кітай.

Радасны пераход на «вайсковыя рэйкі» разбурае эканоміку Расеі нават у найбліжэйшай перспектыве. Можна сказаць, што Расеі, каб заставацца на плыву ва ўмовах такой інтэнсіўнай вайны і новай геапалітычнай сітуацыі, неабходна выдаткоўваць недзе 400 мільярдаў даляраў за год дадаткова.

Усё вельмі злучанае. Вайна разбурае эканоміку РФ, што ў выніку прывядзе да яе вайскова-палітычнага паражэння.

А тое, што Міхаіл Барысавіч абазначае большыя пагрозы для Украіны, калі аслабне дапамога Захаду, то гэта несумненна. Мы бачым, што паўгода без амерыканскай дапамогі Украіна выстаяла, але якім коштам гэта далося.

Думаю, што доўгатэрміновую вайну, пра што мы казалі ў пачатку, Расея весці не зможа. Захад ужо прачнуўся. Мы бачым, што ў ЗША фактар украінскай вайны з'яўляецца вельмі важным, асабліва напярэдадні выбараў, не гаворачы ўжо пра еўрапейскія краіны. Як бы там ні было, у Амерыцы існуе кансэнсус вядучых рэспубліканцаў і дэмакратаў, каб супрацьстаяць пуцінскай Расеі. Дэмакратычны Захад доўга разгойдваецца, але ў вызначальных бітвах заўсёды перамагае.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках