25 кастрычнiка 2024, Пятніца, 21:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Давер да Пуціна ў «сяброўскіх» краінах упаў да шматгадовых мінімумаў

10
Давер да Пуціна ў «сяброўскіх» краінах упаў да шматгадовых мінімумаў

Дыктатар РФ пацярпеў піяр-катастрофу.

Антызаходняя рыторыка Уладзіміра Пуціна і апеляцыі да краінаў Глабальнага Поўдня з заклікам разам пабудаваць «шматпалярны» свет не выклікалі энтузіязму ў жыхароў краінаў, якія Крэмль называе «сяброўскімі», паведамляе The Moscow Times.

У дзяржавах Лацінскай Амерыкі, а таксама ў ключавых краінах – гандлёвых партнёрках Расеі – Індыі і Турцыі – узровень даверу грамадзянаў да прэзідэнта РФ у 2024 годзе апусціўся да шматгадовых мінімумаў, паказала апытанне Pew Research Сenter.

У Індыі, якую Крэмль называе «стратэгічнай партнёркай», 39% грамадзянаў мяркуе, што Пуцін здольны правільна дзейнічаць у міжнародных справах. Рэйтынг даверу расейскага прэзідэнта страціў 3 адсоткавыя пункты ў параўнанні з папярэднім даследаваннем, а яго цяперашняе значэнне – самае нізкае з 2017 года.

Узровень даверу да Пуціна ў Турцыі, якую сам прэзідэнт называў «самай надзейнай партнёркай» Расеі, таксама ўпаў на 7-гадовае «дно». Вартым даверу ў міжнародных справах Пуціна назвалі 29% грамадзянаў Турцыі.

Паўнавартасную піяр-катастрофу Пуцін пацярпеў у Лацінскай Амерыцы, якую заклікаў змагацца з «каланіялізмам» Захаду, успомніўшы традыцыі Сімона Балівара. У Бразіліі і Чылі ўзровень даверу да Пуціна ўпаў да мінімумаў за ўвесь час даследаванняў (з 2007 года) – 10% і 12% адпаведна. У Калумбіі пра давер да расейскага прэзідэнта заявілі 18% рэспандэнтаў, што стала найгоршым вынікам за 10 гадоў. У Мексіцы рэйтынг Пуціна за год знізіўся на 1 адсоткавы пункт, да 24% – найгоршага выніку з 2018 года.

Толькі ў дзвюх з 20 краінаў Глабальнага Поўдня, ахопленых даследаваннем Pew, больш за палова грамадзянаў выказала давер да Пуціна ў глабальных справах: гэта Малайзія (61%) і Філіпіны (59%). Таксама даволі высокія паказнікі прэзідэнт РФ набраў у Бангладэш (50%) і Кеніі (47%).

У БРІКС ПАР, якую Пуцін называе «стратэгічнай партнёркай», узровень даверу да расейскага прэзідэнта другі год запар трымаецца на самай нізкай адзнацы з 2014 года – 30%. У іншай афрыканскай краіне, Гане, рэйтынг Пуціна ўпаў да мінімуму за ўсю гісторыю – 33%, паводле апытання Pew.

У цэлым 65% людзей у 35 краінах, дзе праводзілася даследаванне, адмоўна ацэньваюць Расею, а 28% выказваюцца добразычліва. Пры гэтым стаўленне да Пуціна крыху горшае, чым у цэлым да краіны: 73% не вераць, што ён здольны правільна дзейнічаць у міжнародных справах, у той час як 21% яму давярае.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках