На беларуска-расійскай мяжы пачалі правяраць алкаголь у багажы аўто
3- 11.05.2026, 14:38
- 1,762
Расійскія памежнікі пачалі правяраць, колькі спіртнога вязуць аўтамабілісты.
Расійскія памежнікі, якія дзейнічаюць на мяжы з Беларуссю, пачалі правяраць у багажы аўто расліны і алкаголь. Такую праверку заўважылі мінулымі выхаднымі, пішуць праваабаронцы MAYDAY.
Памежнікі пачалі нагадваць тым, хто едзе ў Расію, што норма ўвозу алкаголю на тэрыторыю РФ складае 3 літры любой моцнасці на аднаго паўналетняга чалавека. Для ўвозу пакаёвых раслін праз мяжу патрабуецца адпаведны каранцінны сертыфікат. Такія патрабаванні з’явіліся на адным з КПП у Пскоўскай вобласці Расіі (аўтадарога Наваполацк–Себеж).
Вадзіцелі, якія перасякалі мяжу, кажуць, што сапраўды бачылі на сметніках каля КПП пакаёвыя расліны ў гаршках — гэта можа сведчыць аб канфіскацыі прадметаў, забароненых да правозу.
Фактычны памежны кантроль на мяжы з Беларуссю Расія аднавіла з канца красавіка. Ва ўсіх падарожнікаў фатаграфуюць пашпарты або ўносяць іх звесткі ў спецыяльную базу. Расійскія памежныя патрулі былі заўважаныя нават на грунтавых дарогах, якія мясцовыя жыхары называюць «ляснымі».