Пашынян адмовіўся ехаць на саміт ЕАЭС
1- 1,812
Гэта адбылося пасля заяў Пуціна пра «украінскі сцэнар» для Арменіі.
Армянскі прэм'ер Нікол Пашынян накіруе на саміт ЕАЭС, які пройдзе ў Астане 28–29 мая, свайго намесніка Мгера Грыгаряна. «Я пра гэта паведаміў прэзідэнту Расіі [Уладзіміру Пуціну] падчас візіту ў РФ у красавіку. Я таксама праінфармаваў прэзідэнта Казахстана [Касым-Жамарта Такаева] пра сваё рашэнне», — паведаміў сам Пашынян у панядзелак (цытата паводле News.am). Прэм'ер Арменіі растлумачыў, што не возьме ўдзелу ў саміце ў сувязі з перадвыбарнай кампаніяй напярэдадні выбараў у парламент 7 чэрвеня і запланаваным на 28 мая вайсковым парадам.
Два дні таму, пасля параду Перамогі ў Маскве, які армянскі прэм'ер таксама прапусціў, Пуцін зрабіў рэзкую заяву адносна рэспублікі, якая паступова «адкалываецца» ад РФ. Ён сказаў, што Ерэвану варта правесці рэферэндум па пытанні аб далучэнні да Еўрапейскага саюза і выхадзе з ЕАЭС. Толькі ў такім выпадку дзве краіны змогуць пайсці «шляхам мяккага, інтэрлигентнага і ўзаемавыгаднага разводу», — падкрэсліў Пуцін, нагадаўшы пра лёс Украіны, канфлікт з якой пачаўся менавіта пасля спробы апошняй уступіць у ЕС. Пашынян жа ў размове з журналістамі заявіў, што Арменія цяпер не збіраецца выносіць на плебісцыт пытанне пра сяброўства ў ЕАЭС.
Паводле яго слоў, Ерэван пойдзе на такі крок толькі тады, калі ўзнікне аб'ектыўная неабходнасць. Цяпер такой няма. «Мы з павагай ставімся да ўсіх партнёраў па ЕАЭС, а таксама да нашага ўдзелу ў Саюзе», — паведаміў Пашынян.
Прэм'ер таксама адзначыў, што не згодны з агучанай Пуціным фармулёўкай «развод». «Мы блытаем міждзяржаўныя адносіны з жаніцьбаю. Арменія ў міждзяржаўных адносінах кіруецца міждзяржаўнай логікай. Мы — паўнапраўныя члены ЕАЭС. І пакуль мы члены ЕАЭС, мы паўнавартасна ўдзельнічаем у прыняцці ўсіх рашэнняў», — сказаў ён.
Пашынян дадаў, што Арменія не мела і не будзе мець мэты нашкодзіць інтарэсам Расіі, а яго адносіны з Пуціным грунтуюцца на ўзаемным даверы. Вострыя пытанні абодва лідары абмяркоўваюць у спакойнай, паважлівай і сяброўскай атмасферы на падставе аргументаў і фактаў, адзначыў прэм'ер-міністр.
«Я гэтую логіку працягну. Я выказваю сваю павагу і прэзідэнту РФ, і Расіі. Пры гэтым мы будзем таксама рухацца наперад у межах закона аб паглыбленні адносін з ЕС і сяброўстве ў ЕС, то-бок шляхам дэмакратычных рэформаў», — падкрэсліў Пашынян. Ён дадаў, што ў адносінах з Масквой «адбываецца непазбежная трансфармацыя» і што ва знешняй палітыцы ён працягне «кіравацца дзяржаўнымі інтарэсамі Арменіі».