Крэмлёўская «скрэпа» разарваная
1- Павал Казарін
- 11.05.2026, 15:55
- 2,656
Масква страціла маральнае права на 9 мая
Масква святкуе перамогу ў вайне, якую яна ператварыла ў сваю галоўную духоўную скрэпу. Праблема ў тым, што гэтая скрэпа страціла тэрмін прыдатнасці.
У календары кожнай краіны ёсць дзень суб'ектнасці народа. Галоўнае свята, сэнс і змест якога ўкладаюцца ў формулу «мы дасягнулі». Дзень незалежнасці ў ЗША — гэта гісторыя пра тое, як амерыканскія пасяленцы дабіліся незалежнасці ад каралеўскай улады. Дзень узяцця Бастыліі распавядае свету, як французы прагналі караля. На 9 мая ў Расіі выпала выконваць аналагічную ролю, і таму цягам многіх дзесяцігоддзяў гэтая дата ў краіне была сакральнейшай за любы іншы дзень, уключна з «днём народнага адзінства» і «днём Расіі».
Перамога над нацызмам стала для Савецкага Саюза і РФ галоўным «затое», якое павінна было апраўдваць усё, што было ў краіне да таго. «Масавыя рэпрэсіі» — «затое Гітлера перамаглі». «Людзі паміралі ад голаду» — «затое Трэці Рэйх пераадолелі». Дзевятым маем апраўдвалі дэпартацыі і высылкі, расстрэлы і тэрор. Любая спроба асэнсаваць савецкі рэжым раз-пораз натыкалася на гэты аргумент. Дата ператварылася ў гіру на маральна-этычных вагах рэжыму і краіны — і дазваляла Маскве гадамі выступаць з пазіцый маральнай праваты.
Дзевятае мая несла ў сабе такі зарад маральнай перавагі, што савецкая, а пасля і расійская дзяржава вырашылі прысвоіць яго сабе. У выніку гэта дата стала не «днём суб'ектнасці народа», а «днём суб'ектнасці дзяржавы». Нічога дзіўнага, калі ўспомніць, што СССР і РФ жывуць у логіцы этатызму. У расійскай традыцыі немагчыма ўявіць нічога, што было б не толькі «супраць дзяржавы», але і нічога, што было б «па-за дзяржавай». Любая актыўнасць магчымая толькі са згоды рэжыму. Любы неўзгоднены пачын успрымаецца як пагроза. Нават патрыётам ты можаш быць толькі ў строга ўзгодненых рамках — а «пазасістэмны патрыятызм» лічыцца не меншаю пагрозай, чым апазіцыйнасць. Таму на працягу ўсіх пасляваенных дзесяцігоддзяў Масква змагалася з тымі, хто спрабаваў аспрэчыць яе манаполію на гэта свята.
У савецка-расійскай традыцыі існавалі два падыходы да святкавання 9 мая. Першы — дзяржаўны. З парадамі, сцягамі, гучнымі прамовамі і вялікімі зоркамі на пагонах. У межах гэтага падыходу вайну выйгралі дзяржава і камандаванне. Атрыбутамі святкавання былі лічбы, маштабы, вертыкаль і сістэма.
Альтэрнатывай яму быў інтымна-асабісты падыход, што абапіраецца на сямейныя ўспаміны. Лейтэнанцкая проза і дзённікавыя запісы. У гэтым падыходзе не заўсёды знаходзілася месца Сталіну, затое было месца для чыіхсьці бабуль і дзядуль. І з гэтым другім падыходам савецка-расійская сістэма спрабавала змагацца.
Мала хто памятае, але акцыя «Бессмяротны полк» узнікла ў 2012 годзе як альтэрнатыва афіцыйнаму пафасу. Яе прыдумала апазіцыйная томская тэлекампанія «ТВ-2» — людзям прапанавалі замест сцягоў і лозунгаў несці партрэты сваіх родных. Але ўжо ў 2015 годзе расійская дзяржава закрыла тэлекампанію, а акцыю «Бессмяротны полк» узяла пад сваё крыло.
Дзевятае мая было занадта магутнай крыніцай легітымнасці, каб Крэмль гатовы быў ёю з кімсьці дзяліцца. І таму яшчэ ў 2010 годзе Пуцін заяўляў, што вайну выйгралі б і без удзелу Украіны. Масква абвясціла сябе галоўным уладальнікам гэтага актыву і была гатова абменьваць доступ да яго толькі на палітычную лаяльнасць. Прысягні на вернасць — і тады мы раскажам табе пра твой уклад у перамогу над Германіяй. Упішам уласнаручна ў спіс пераможцаў. Калі адмовішся — абвесцім саюзнікам боку, які прайграў, і спадкаемцам тых, каго перамаглі ў маі 1945-га.
Другая сусветная ператварылася на тэрыторыі СССР/РФ у сапраўдную «грамадзянскую рэлігію» пад назвай «Вялікая Айчынная». У яе ёсць абавязковыя атрыбуты святкавання, адзіна правільная мадэль апісання, неад'емны пералік анёлаў і дэманаў. Любае адхіленне ад гэтага канона абвяшчаецца ерэсцю і караецца анафемай.
Таму галоўным крытэрыем незалежнасці на постсавецкай прасторы доўгі час было не столькі наяўнасць нацыянальнага дня незалежнасці, колькі існаванне ўласнай версіі падзей Другой сусветнай вайны. Калі вы не былі гатовыя пагадзіцца з расійскай версіяй гісторыі — вас залічвалі да саюзнікаў Гітлера. Чым даўжэй цягнуўся постсавецкі дрэйф, тым большая колькасць краін апынялася ў расійскім спісе «здраднікаў».
Крэмль дзесяцігоддзямі шукаў у 9 маі крыніцу ўласнай этычнай сілы. Кіраўніцтва краіны абвяшчала сябе прамым спадкаемцам тых, пры кім быў пераможаны Трэці Рэйх. Кожны кіраўнік звяртаўся да свету ад імя людзей, якія падпісвалі капітуляцыю Германіі. Дзевятае мая давала Крэмлю права гаварыць з пазіцый маральнай праваты — і менавіта гэтае права Расія страціла пасля ўварвання ва Украіну.
Несправакаваны напад. Бамбардзіроўка мірных гарадоў. Рэпрэсіі на акупаваных тэрыторыях. Масква штодня разбурае ўвесь той сімвалічны капітал, які яна выбудоўвала на сваёй міфалогіі пра «Вялікую Айчынную». Адныне мінулае ўжо не пераважвае сучаснасць — і не ўдасца прыкрыць свае сённяшнія злачынствы коштам мінулых перамог. На расійскі штогадовы майскі абрад прычасця ў Маскву прыязджае ўсё менш гасцей — і спробы жыхароў Крамля гаварыць з пазіцый маральнай перавагі выглядаюць бессэнсоўна. Любы зварот да мінулага цяпер натыкаецца на сучаснасць — і таму «сёння» асуджана пераважваць «учора».
Ідэалагічная шырма, якую стваралі дзеля таго, каб яна служыла ўніверсальным апраўданнем улады, аказалася разарванай. Скрозь яе цяпер бачныя старыя і новыя рэпрэсіі. Пакт Молатава — Рыбентропа і бамбардзіроўка Марыупаля. З лютага 2022 года Расія даказвае, што пераймае не пераможцаў Другой сусветнай, а пераможаных. Мінулая вайна больш не пераважвае цяперашнюю, а таму не здольная быць апраўданнем і індульгенцыяй.
Апошнія гады асаблівасць кожнага 9 мая толькі ў тым, што Расія просіць у Украіны перамір'я, каб «адсвяткаваць перамогу».
Павал Казарін, Facebook