«Можна ўсё зрабіць за адзін дзень»
4- 19.07.2024, 20:55
- 6,596
Як беларус мяняў нумары аўто на літоўскія.
Шмат каго з беларусаў ашаламіла навіна, што Літва з 18 ліпеня будзе адмаўляць ва ўездзе ў ЕЗ аўтамабілям з Беларусі. Забарона закранае легкавыя аўтамабілі на беларускіх рэгістрацыйных нумарах незалежна ад таго, хто за стырном: уласнік аўто – грамадзянін Беларусі ці не.
Літва дала беларусам паўгода на пераходны перыяд. Да 18 жніўня ўязджаць у Літву могуць толькі ўласнікі аўтамабіляў з візай або відам на жыхарства. А да 18 студзеня 2025 года беларускія машыны павінны альбо пакінуць краіну, альбо прайсці перарэгістрацыю. Калі ж не, то ўладальніку аўтамабіля на беларускіх нумарах пагражае штраф і канфіскацыя аўто.
Бюракратычныя працэдуры ў чужой краіне не падабаюцца нікому, але іншага выйсця няма. Еўрарадыё падрыхтавала кароткую дапамогу з інфармацыяй пра тое, дзе і як можна легалізаваць свой аўтамабіль у Літве, і распытала пра гэты досвед беларуса, які ўжо прайшоў гэты квэст.
Хто можа зарэгістраваць аўто ў Літве?
Для пачатку трэба разабрацца з легалізацыяй у Літве. Міграцыйны інфармацыйны цэнтр у Літве звяртае ўвагу на тое, што іншаземцы, якія плануюць жыць у Літве стала – больш за 90 дзён у годзе, абавязаныя зарэгістраваць свой транспартны сродак.
Зрабіць гэта можна пасля атрымання пасведчання на права жыхарства (часовага або сталага) і дэкларацыі месца жыхарства ў Літве.
Як беларусу зарэгістраваць машыну ў Літве?
Рэгістрацыяй аўтамабіляў замежнікаў у Літве займаецца дзяржустанова Regitra. Але перад тым, як туды звяртацца, трэба прайсці абавязковы тэхагляд. Уласніку аўтамабіля трэба пераканацца, што ён адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да транспартных сродкаў у Літве.
Спіс станцый тэхабслугоўвання па ўсёй Літве можна знайсці тут. Гэта наступны крок пасля асабістай легалізацыі на шляху легалізацыі аўтамабіля.
Далей трэба паклапаціцца пра абавязковае страхаванне. Застрахаваць аўтамабіль можна ў Lietuvos draudimas, BTA, Gjensidige, Compensa, ERGO ці іншых страхавых кампаніях.
Цяпер можна звяртацца ў аддзяленне Regitra з наступнымі дакументамі:
– пашпарт грамадзяніна або іншы дакумент, які пацвярджае асобу,
– дазвол на пражыванне і дэкларацыя месца жыхарства,
– пасведчанне аб рэгістрацыі аўтамабіля,
– сертыфікат аб праходжанні тэхагляду і экспертызы на выкід СО2.
Аўтамабілі, якія прыбылі ў Літву з-за мяжы, павінны прайсці ідэнтыфікацыю. Гэта значыць, адных толькі дакументаў на аўтамабіль недастаткова: неабходна прад'явіць рэгістратару ўласна аўтамабіль.
Пасля праверкі дакументаў уласніку аўто прысвояць унікальны код дэкларацыі ўладальніка (SDK). З ім можна зарэгістраваць аўтамабіль у Літве на сваё імя.
Варта мець на ўвазе дадатковыя выдаткі: аплату рэгістрацыйных паслуг і аплату збору ў выпадку, калі аўтамабіль выпрацоўвае больш СО2, чым дазволенае паводле закону ў Літве.
Працэдура рэгістрацыі аўтамабіля будзе закончаная пасля аплаты.
Пяць гадзінаў часу і блізу 500 еўра за ўсё
Аляксандр, які жыве ў Літве амаль два гады, адкладаў рэгістрацыю аўто да моманту, калі атрымае СМЖ. Машынай карыстаўся рэдка, ну, і быў гатовы заплаціць штраф, калі зловяць на парушэнні:
– Я ведаў, што цягам паўгода пасля прыезду трэба зарэгістраваць аўтамабіль і памяняць нумары. Знаёмыя казалі, што на гэта ніхто надта не глядзіць і праблемаў няма. Беручы да ўвагі гэта і тое, што ў беларусаў у Літве дастаткова нестабільная будучыня, пастанавіў пачакаць з рэгістрацыяй і ездзіць на беларускіх нумарах. Ніякага дыскамфорту гэта не прыносіла, ні разу ніхто не спыняў і не пытаўся.
Непакой у беларуса выклікала забарона Латвіі на ўезд аўтамабіляў з беларускімі нумарамі. Аляксандру час ад часу трэба ездзіць з Літвы ў суседнюю краіну, і такая пастанова заступала яму дарогу.
– У той самы дзень пачаў займацца пытаннем рэгістрацыі. Я ведаў, што ёсць варыянт з часовай рэгістрацыяй, калі не трэба плаціць мытны збор і застаецца магчымасць захаваць тэхпашпарт і беларускія нумары, – успамінае Аляксандр.
І вось ягоны досвед – як праходзіў візіт у дзяржустанову і што трэба было зрабіць:
– На наступны дзень спрабаваў з раніцы датэлефанавацца ў Regitra, але праз паўгадзіны чакання на лініі зразумеў, што няма сэнсу. Плюнуў і паехаў туды.
Там было даволі шмат людзей, давялося прыкладна гадзіну пачакаць у чарзе, каб атрымаць кансультацыю. Вельмі прыемная і добразычлівая жанчына падрабязна расказала, што мне трэба зрабіць: спачатку прайсці экспертызу аўтамабіля, потым тэхагляд, а ўжо потым зарэгістраваць.
Экспертыза і тэхагляд робяцца ў Tuvlita, побач з Regitra. Я туды прыйшоў, і мне прапанавалі ўсё зрабіць адным махам. Прычым вельмі добразычліва, падрабязна адказваючы на пытанні.
Так, у той дзень была вялікая чарга на тэхагляд, але мой аўтамабіль прапусцілі міма яе, я так зразумеў, што ў іх ёсць свая лінія. Пры гэтым не зважалі на нейкія дробязі. На ўсё спатрэбілася прыкладна 4 гадзіны.
На наступны дзень Аляксандр аформіў страхоўку, загнаў машыну на праверку нумароў, аплаціў усе зборы і атрымаў часовы тэхпашпарт і нумары. Гэта заняло гадзіну часу.
– Беларускі тэхпашпарт застаўся на захоўванні, нумары ў мяне. Ёсць абмежаванні, вядома. Нельга выязджаць з ЕЗ, нельга прадаць машыну, але затое можна свабодна ездзіць па Еўропе. У затратах атрымалася нешта блізу 113 еўраў на экспертызу і тэхагляд, 230 еўраў за гадавую страхоўку і 210 еўраў за рэгістрацыю і нумары.
Калі прыехаць рана, дык можна ўсё зрабіць за адзін дзень. Я вельмі не люблю займацца такімі рэчамі, але быў прыемна здзіўлены, што ўсё вельмі хутка і з вельмі добразычлівым стаўленнем, – падсумоўвае Аляксандр.