8 лiпеня 2024, панядзелак, 19:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NATO перакіне ў Польшчу дадатковыя сістэмы СПА

NATO перакіне ў Польшчу дадатковыя сістэмы СПА
ФОТА: NSF REDZIKOWO

Сістэмы даставяць на новую базу Aegis Ashore.

Лідары 32 краінаў NATO прымуць на саміце NATO ў Вашынгтоне, які пройдзе 9–11 ліпеня, пастанову пра ўзмацненне сістэмаў супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны альянсу, у тым ліку на найноўшай базе Aegis Ashore у Польшчы, заявіў генеральны сакратар ваеннага блоку Енс Столтэнберг. «Мы таксама яшчэ больш умацуем нашу сістэму супрацьракетнай абароны з дапамогай новай базы Aegis Ashore у Польшчы», – адзначыў ён на прэс-канферэнцыі напярэдадні мерапрыемства.

Паводле словаў генеральнага сакратара, чальцы альянсу маюць намер таксама ўхваліць пагадненне, якое ўмацуе трансатлантычнае абаронна-прамысловае супрацоўніцтва і павялічыць вытворчасць узбраенняў.

Енс Столтэнберг нагадаў, што з моманту пачатку агрэсіі Расеі супраць Украіны ў 2014 годзе «NATO кардынальна трансфармавалася». «Сёння ў нас 500 000 вайскоўцаў у стане падвышанай гатоўнасці; упершыню ва ўсходняй частцы альянсу знаходзяцца баяздольныя баявыя групы; больш перадавых магчымасцяў, у тым ліку самалёты пятага пакалення; два новыя, вельмі адданыя справе чальцы – Фінляндыя і Швэцыя», – растлумачыў ён, падкрэсліўшы: умацаванне абароны NATO стала магчымым у тым ліку дзякуючы таму, што чальцы альянсу сталі выдаткоўваць больш на абарончыя патрэбы.

Aegis Ashore – гэта сістэма супрацьракетнай абароны, распрацаваная ЗША для абароны ад балістычных ракетаў. Aegis Ashore уключае ў сябе радары, ракетныя пускавыя ўстаноўкі і іншыя кампаненты. Польская база Aegis Ashore, уведзеная ў строй у канцы 2023 года, размешчаная ў вёсцы Рэдзікава, недалёка ад Балтыйскага ўзбярэжжа. Яна з'яўляецца часткай больш шырокай сістэмы супрацьракетнай абароны NATO і прызначаная для абароны Еўропы ад балістычных ракетаў сярэдняй і меншай далёкасці. База абсталяваная ракетамі-перахопнікамі SM-3 і радарам AN/SPY-1, якія могуць выяўляць і знішчаць варожыя ракеты ў палёце. Стварэнне базы ў Польшчы з'яўляецца важным элементам еўрапейскага кампанента глабальнай сістэмы супрацьракетнай абароны ЗША і NATO, закліканага павысіць бяспеку і стабільнасць у рэгіёне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках