8 лiпеня 2024, панядзелак, 23:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША скасавалі ваенныя вучэнні з Грузіяй

3
ЗША скасавалі ваенныя вучэнні з Грузіяй

Праз закон аб іншаагентах.

Вашынгтон перанёс на нявызначаны тэрмін правядзенне ваенных вучэнняў з Грузіяй праз перагляд пагаднення аб супрацоўніцтве, паведамляе сайт Пентагона.

«Злучаныя Штаты ініцыявалі ўсебаковы перагляд стасункаў паміж ЗША і Грузіяй. У яго рамках Злучаныя Штаты на нявызначаны тэрмін адкладуць правядзенне вучэнняў "Годны партнёр" у Грузіі, першапачаткова запланаваных на 25 ліпеня – 6 жніўня 2024 года», – гаворыцца ў паведамленні.

Там адзначаецца, што пастанова адкласці вучэнні «Годны партнёр» абумоўленая лжывымі абвінавачваннямі ўраду Грузіі на адрас ЗША і іншых заходніх краінаў «у спробе чыніць ціск на Грузію з мэтай адкрыцця другога фронту супраць Расеі, каб аблегчыць ціск на Украіну, а таксама ва ўдзеле ў дзвюх спробах перавароту супраць кіроўнай партыі».

У сувязі з гэтым у ЗША мяркуюць, што ў гэты момант непрыдатны час для правядзення буйнамаштабных вучэнняў. Пры гэтым Вашынгтон прадоўжыць супрацоўніцтва з Узброенымі сіламі Грузіі, паколькі ЗША імкнуцца прадаўжаць умацоўваць здольнасць Грузіі абараняць свой суверэнітэт і захоўваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць.

У пачатку чэрвеня некалькі дзясяткаў палітыкаў і службовых асобаў Грузіі патрапілі пад візавыя абмежаванні ЗША пасля прыняцця закона «аб замежным уплыве». Як паведамляў прадстаўнік амерыканскага Дзярждэпартамента Мэцью Мілер, у чорны спіс уключылі чальцоў кіроўнай партыі «Грузінская мара», дэпутатаў парламента і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Таксама пад абмежаванні трапілі іх сваякі.

Закон аб замежных агентах, адкліканы ў 2023 годзе праз пратэсты, быў паўторна ўнесены ў парламент Грузіі гэтай вясной з ініцыятывы кіроўнай партыі, што справакавала новыя масавыя дэманстрацыі па ўсёй краіне. Нягледзячы на незадаволенасць грамадзянаў, дакумент быў прыняты 14 траўня. Прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі спрабавала выправіць сітуацыю, наклаўшы вета, аднак яно было знятае парламентам, пасля чаго закон падпісаў спікер Шалва Папуашвілі.

У адпаведнасці з новымі правіламі няўрадавыя арганізацыі і СМІ, якія атрымліваюць больш за 20% гадавога прабытку з-за мяжы, будуць абавязаныя рэгістравацца ў якасці «агентаў замежнага ўплыву». Раз на год ім давядзецца запаўняць дэкларацыю і раскрываць усе крыніцы фінансавання. За невыкананне патрабаванняў пагражае штраф ад 10 тыс. да 25 тыс. лары (ад $3,7 тыс. да $9,4 тыс.).

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен анансаваў санкцыі супраць службовых асобаў краіны праз закон аб іншаагентах у канцы траўня. Пасля гэтага палітрада «Грузінскай мары» абвінаваціла Вашынгтон у правядзенні «палітыкі шантажу і пагрозаў», а таксама ў «грубай і цынічнай спробе абмежаваць незалежнасць і суверэнітэт Грузіі».

У Венецыянскай камісіі выказалі салідарнасць з ЗША, назваўшы прыняты ў краіне закон аб «іншаагентах» антыдэмакратычным. Еўразвяз, які ў снежні даў Грузіі статус кандыдаткі на ўступленне ў блок, прыгразіў замарозіць яе заяўку. Акрамя гэтага ЕЗ можа скасаваць бязвізавы рэжым для грамадзянаў Грузіі, казаў амбасадар ЕЗ у Тбілісі Павел Герчынскі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках