Лукашысты прадаўжаюць здзекавацца з Паліны Шарэнды-Панасюк
6- 1.08.2024, 21:05
- 13,012

Зноў «прынеслі» зялёныя яблыкі замест прадуктовай перадачы.
Муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк, якую нядаўна перавялі ў гомельскае СІЗА-3, дзе яна чакае новага суда, расказаў «Радыё Свабода» пра новыя праблемы з прадуктовымі перадачамі для Паліны, а таксама пра тое, як прайшла яе апошняя псыхоляга-псіхіятрычная экспертыза.
Зноў праблемы з прадуктовай перадачай
Паводле крыніцы, якую Андрэй Шарэнда не можа называць з інтарэсаў бяспекі, пасля вяртання ў гомельскае СІЗА ягоную жонку чакала тая ж гісторыя з прадуктовай перадачай, як і летась.
«Як бы ад невядомай асобы ёй паступілі пакеты з зялёнымі яблыкамі. У выніку цяпер месячная норма перадачы прадуктаў 30 кілаграмаў мяркуецца абранай, і больш у гэтым месяцы для яе нічога не прымуць.
Так і раней рабілі: перадавалі Паліне то мяшок гнілой морквы, то мяшок бітых яблыкаў, як мінулым летам. Такі здзек, псіхалагічны ціск на Паліну і на нас, яе сваякоў.
У СІЗА добра ведаюць пра хваробу Паліны, што ў яе праблемы са страўнікам і залозай, а мы спрабуем перадаць ёй добрыя прадукты. І так, каб нічога не атрымала», – мяркуе муж Паліны Андрэй Шарэнда.
Паводле словаў Андрэя Шарэнды, летась сваякам усё ж удавалася перадаць для Паліны харчовыя перадачы.
«Атрымалася адзін раз у снежні перад этапам. Яны ў снежні не закінулі ёй нічога, бо сваякі спецыяльна ездзілі ў Гомель, каб перадаць свежую гародніну, садавіну, сыр, каўбасу. Звычайны набор прадуктаў. І пасылку з рэчамі ў СІЗА прынялі. А ў калонію за 5 месяцаў увогуле нічога перадаць не атрымалася. І вось ізноў нічога», – расказаў Андрэй Шарэнда.
Паводле ягоных словаў, Паліну Шарэнду-Панасюк прадаўжаюць трымаць у рэжыме інкамунікада: апошні ліст ад яе сям'я атрымала ў канцы 2023 года.
«Экспертызы як такой і не было»
Псіхолага-псіхіятрычную экспертызу Паліна Шарэнда-Панасюк праходзіла ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя ў пасёлку Навінкі пад Менскам, дзе ў тым ліку даследуюць тых, каго падазраюць у злачынствах. Паводле крыніцы, на якую спасылаецца Андрэй Шарэнда, вынік экспертызы, якую прайшла Паліна, нічым не адрозніваецца ад дзвюх іншых, якія ў яе былі ў ранейшыя гады зняволення.
«Прызнаная нармальнай, што ім і трэба, каб чарговы раз кінуць яе за краты як асуджаную, – сказаў Андрэй Шарэнда. – А экспертызы як такой і не было цяпер. Толькі пагутарылі з ёй, можа, з гадзінку, і ўсё. Яна ж, атрымліваецца, толькі тыдзень там была. Гэты мінімальны час паміж этапамі».
«На шпацыры амаль не выводзяць»
Пра тое, як цяпер адчувае сябе і як выглядае Паліна Шарэнда-Панасюк, звестак няшмат.
«Вельмі бледная. Бо на шпацыры месяц не выводзілі і, магчыма, цяпер амаль не выводзяць. Відавочна схуднела. І псіхалагічна ёй пасля этапаў вельмі цяжка», – кажа муж палітзняволенай Андрэй.
18 ліпеня стала вядома, што Паліна хворая на «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасці» – вельмі небяспечную для здароўя хваробу, лекаванне якой ускладняецца ва ўмовах зняволення. Пра дыягназ сваякам стала вядома з афіцыйнага адказу адміністрацыі папраўчай калоніі № 24, дзе трымаюць палітзняволеную Шарэнду-Панасюк.