Лукашэнка тузаецца сярод сваіх страхаў
10- 20.08.2024, 21:44
- 23,482
Рэжым спыніць існаванне, калі дыктатар адправіць свае тры танкі ва Украіну.
На фоне прасоўвання УСУ ў Курскай вобласці Аляксандр Лукашэнка адправіў “траціну беларускага войска” і танкаў на мяжу з Украінай і паабяцаў змагацца з РФ “плячом да пляча”. Адначасова, праўда, ён загаварыў аб тым, што час "заканчваць гэтую бойку". Супадзенне ці не, але потым стала вядома аб вызваленні 30 беларускіх палітвязняў. Што гэта ўсё значыць? РФ чакае дапамогі ад Лукашэнкі, а той дасылае сігналы Захаду? DW спытала пра гэта экспэртаў.
“Падвойная рэакцыя” на наступ УСУ
13 ліпеня 2024 года Лукашэнка даручыў адвесці вайскоўцаў РБ ад мяжы з Украінай, і расейскія Z-блогеры абвінавацілі яго ў тым, што гэтая пастанова дапамагла наступу УСУ ў Курскай вобласці. “Лукашэнка захваляваўся, заявіў пра нібыта беспілотнікі над Беларуссю. У Менск выклікалі здымачную групу тэлеканала “Расея”, і Лукашэнка дзве гадзіны расказваў ім пра сваю вернасць і пра тое, што будзе змагацца плячом да пляча, пераконваў расейцаў, што хаўруснік па-ранейшаму адданы”, - кажа беларускі палітолаг Валер Карбалевіч.
Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка, у сваю чаргу, называе рыторыку Лукашэнкі "двайной рэакцыяй" на наступ УСУ ў Курскай вобласці. “Па-першае, ён вымушаны апраўдвацца, - кажа ўкраінскі палітолаг. - Другі складнік - гэта заклікі да міру. Лукашэнка баіцца, што абвастрэнне вайны можа прывесці або да ўцягвання ў яе Беларусі, або да праблем для Расеі. Усё гэта – пагрозы ягонаму рэжыму. Думаю, ён шчыра гаворыць аб міры, хоць заўтра можа сказаць і нешта супрацьлеглае”.
Ці баіцца Лукашэнка, што яго папросяць “дапамагчы” Расеі? “Ён гэтага вельмі не хацеў бы і будзе ўхіляцца ўсімі спосабамі. Лукашэнка намякае, як будзе абараняць Расею і Беларусь з захаду, ад NАТО. Увогуле, дае зразумець, што вы нас не чапайце, у нас клопату стае”, - тлумачыць беларускі палітолаг Карбалевіч.
“На цяперашнія часы ў яго няма войскаў”
Між тым незалежныя назіральнікі зняпраўдзілі інфармацыю Лукашэнкі аб украінскіх беспілотніках, а ўкраінскія памежнікі - аб "траце войска" РБ на мяжы. “Мы не назіраем павелічэння колькасці тэхнікі або воінскіх падраздзяленняў”, - пракаментавалі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.
Заявы Лукашэнкі накіраваныя на беларусаў і расейцаў, ва Украіне яго ніхто не слухае, гаворыць украінскі ваенны экспэрт Міхаіл Самусь. “Калі Лукашэнка хоча, каб ягоны рэжым спыніў існаванне, то яму трэба накіраваць свае тры танкі ва Украіну. Але ён хоча захаваць сваю шкуру, і таму гэтага не робіць”, - мяркуе Самусь.
На ягоную думку, войска РБ не зможа весці баявыя дзеянні супраць Украіны. “Лукашэнка перадаў РФ большасць боепрыпасаў і тэхнікі, з такім разлікам, што, калі паўстане пытанне аб дапамозе, ён скажа, “я ўсё аддаў, не магу нічым дапамагчы, толькі маральна, інфармацыйна”, - кажа ўкраінскі экспэрт Самусь.
Усімі сіламі Лукашэнка пазбягае і адпраўкі на фронт беларускіх вайскоўцаў. “Войска Беларусі нідзе не ваявала і не хацела б, я думаю. Калі Лукашэнка камусьці перадасць войскі, яго рэжым аслабне, - мяркуе Самусь. - Акрамя таго, на цяперашнія часы ў яго няма войскаў. Расея бярэ 20 тысяч чалавек і штурмуе сяло паўгода. А тут 15 тысяч…”
Лічбу на 15 тысяч раней называлі ўкраінскія экспэрты ў здагадках, колькі вайскоўцаў яна можа адправіць ваяваць. Незалежныя экспэрты ацэньваюць колькасць беларускага войска на 48-50 тысяч чалавек.
Чаго баіцца Лукашэнка?
Страціць уладу - вось галоўны страх Лукашэнкі, мяркуе Уладзімір Фясенка. “Ён баіцца, што вайсковыя дзеянні могуць перакінуцца на беларускую тэрыторыю. А ў варыянце ўцягвання Беларусі ў вайну ён улічвае не толькі ўласныя страхі, але і тое, што вайна непапулярная ў Беларусі, беларусы не хочуць удзельнічаць у ёй, гэта справакуе сацыяльнае, палітычнае напружанне. А беларусы, якія ваююць ва Украіне супраць Расеі, пяройдуць да вайны супраць Лукашэнкі. І, нарэшце, яшчэ адзін страх звязаны з будучымі выбарамі. Бо ў Расеі ўжо пішуць, што Лукашэнка не вечны”, - кажа ўкраінскі экспэрт.
У кантэксце вайны, выбараў ці стасункаў з Расеяй, Лукашэнка адчувае страх, пералічвае Фясенка. “Бо яшчэ адна крыніца пагрозы - тое, што пуцінская Расея проста праглыне ягоны рэжым разам з Беларуссю ў рамках “інтэграцыі!. І каталізатарам можа выступіць увядзенне расейскіх войскаў на тэрыторыю РБ”, - кажа экспэрт. У выніку Лукашэнка "тузаецца сярод сваіх страхаў, спрабуючы адначасова і рабіць жэсты добрай волі, і палохаць суседзяў", ахарактарызаваў сітуацыю ўкраінскі экспэрт Уладзімір Фясенка.