Мядзведзеў прывёз Кіму Чэн Ыну архіўны ліст яго дзядулі Сталіну
6- 11.10.2025, 11:32
- 6,262
Пра што ў ім гаварылася?
Намеснік старшыні Савета Бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падчас візіту ў КНДР паказаў паўночнакарэйскаму лідару Кіму Чэн Ыну архіўны ліст яго дзядулі да Іосіфа Сталіна. Відэа моманту апублікаваў тэлеграм-канал журналістаў РІА Навіны «RIA_Kremlinpool».
Спачатку Мядзведзеў паказаў кіраўніку Паўночнай Карэі фатаграфію з кіраўнікамі СССР. «Якраз у нас атрымліваецца 56-ы год. Гэта — Мікаян (Анастас Мікаян — у 1956 годзе першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР, — Заўв. рэд.) і іншыя нашы кіраўнікі, Молатаў (Вячаслаў Молатаў — да 1 чэрвеня 1956 года кіраўнік МЗС СССР, — Заўв. рэд.), адпаведна, тут. А гэта — ліст таварыша Кіма Ір Сэна таварышу Сталіну», — пракаментаваў архіўныя дакументы Мядзведзеў.
Магчыма, гаворка ідзе пра ліст Кіма Ір Сэна Сталіну ад 18 кастрычніка 1952 года, які знаходзіцца ў адкрытым доступе ў электроннай бібліятэцы Расійскага гістарычнага таварыства.

У лісце да «бацькі, сябра і настаўніка», як кіраўнік КНДР называе Сталіна, Кім Ір Сэн піша, што карэйскі народ, «які трэці год вядзе вызваленчую вайну супраць амерыканскіх захопнікаў, нягледзячы на бесперапынныя бамбардзіроўкі мірных гарадоў і вёсак Карэі, дасягнуў значных поспехаў у сферы сельскай гаспадаркі і выгадаваў багаты ўраджай, па сваіх памерах роўны найвышэйшаму ўраджаю мірнага часу».
«Натхнёны вашай любоўю і ўвагай, карэйскі народ з пачуццём глыбокай павагі і адданасці дасылае вам свой сціплы падарунак з ураджаю гэтага года, з любоўю выношаны для вас нашым народам у шчырай удзячнасці і любові да вас і народаў Савецкага Саюза», — гаворыцца ў лісце.