Расійскія акупанты скінулі бомбу на праваслаўны храм у Канстанцінаўцы
5- 11.10.2025, 20:42
- 6,020
Ёсць загінулыя і параненыя.
Расійскія акупанты нанеслі ўдар па Канстанцінаўцы Данецкай вобласці кіраванымі авіябомбамі. Пашкоджана царква УПЦ МП, ёсць загінулыя і пацярпелыя.
Пра гэта паведамляе «РБК-Украіна» са спасылкай на кіраўніка Канстанцінаўскай МВА Сяргея Гарбунава і кіраўніка Данецкай ОВА Вадзіма Філашкіна.
«У выніку чарговага варожага авіяўдару па Канстанцінаўцы загінулі двое мірных жыхароў. Яшчэ чацвёра грамадзянскіх атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці», - паведаміў Гарбуноў.

Паводле яго даных, расіяне скінулі на горад авіябомбу ФАБ-250. Выбух адбыўся на тэрыторыі храма Іова Пачаёўскага Горлаўскай епархіі Украінскай праваслаўнай царквы - у момант атакі там знаходзіліся мірныя грамадзяне. Выбухам пашкоджаны фасад царквы і дзевяць прыватных дамоў.
«Параненых аператыўна даставілі супрацоўнікі паліцыі ў бальніцу горада Дружкаўкі для аказання медыцынскай дапамогі... Акрамя таго, адзін чалавек, які пацярпеў ад яшчэ аднаго авіяўдару кіраванай авіябомбай ФАБ-250, самастойна звярнуўся па медыцынскую дапамогу ў бальніцу горада Дружкаўкі», - напісаў Гарбуноў.

Паводле даных Філашкіна, у выніку ўдару загінулі два чалавекі, а паранены былі пяцёра. Загінулыя - мясцовыя мужчыны 49 і 56 гадоў.
«Акрамя таго, на месцы ўдару паліцыя выявіла 2-гадовага хлопчыка. Ён, на шчасце, не пацярпеў, але раненні атрымалі яго бацька і дзядуля. Дзіця эвакуявалі ў Краматорск», - дадаў ён.