Названая найпрыгажэйшая сталіца свету
6- 11.10.2025, 22:10
- 17,522
У конкурсе гэты горад апярэдзіў нават Парыж і Афіны.
Невялікая Валета, сталіца Мальты, заняла першае месца ў рэйтынгу Readers’ Choice Awards 2025, апярэдзіўшы такіх турыстычных гігантаў, як Парыж, Афіны і Лісабон.
Валета прызнана найпрыгажэйшай сталіцай свету паводле версіі часопіса Condé Nast Traveller. У галасаванні ўдзельнічалі больш за 182 тысячы чытачоў, якія ацэньвалі культуру, кухню і гасціннасць.
Валета набрала 97,33 бала са 100 і стала не толькі найлепшым напрамкам Еўропы, але і галоўным горадам свету для падарожнікаў. Міністр турызму Мальты Ян Борг заявіў, што «гэта ўзнагарода адлюстроўвае глыбокую ўдзячнасць падарожнікаў да нашай культурнай спадчыны і гасціннасці мальтыйцаў».
Горад плошчай менш за адзін квадратны кіламетр — гэта сапраўдны музей пад адкрытым небам, у якім ёсць барочныя палацы, старажытныя крэпасныя муры, цэрквы і вузкія завулкі. Валета была заснаваная рыцарамі Мальтыйскага ордэна ў XVI стагоддзі пасля аблогі Асманскай імперыі і з 1980 года ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Асаблівую ўвагу прыцягвае Вялікая гавань — яе цэнтральным аб’ектам з’яўляецца форт Святога Эльма ў форме зоркі, дзе праходзяць гістарычныя рэканструкцыі з мушкетарамі, барабаншчыкамі і рыцарамі.
Таксама цікавы адрэстаўраваны ў 2004 годзе тэатр Маноэля — выдатны ўзор барочнай архітэктуры, адзін з найстарэйшых дзеючых тэатраў у свеце.
Паколькі Мальта адыграла актыўную ролю ў Другой сусветнай вайне, калі Люфтвафэ спрабавалі разбамбіць яе, каб прымусіць да пакорлівасці і заняць стратэгічны плацдарм у Міжземным моры, дык дакрануцца да той эпохі можна ў Ваенных пакоях Ласкарыса — падземным бункеры, дзе знаходзіўся штаб саюзных войскаў: там захаваліся карты, схемы і аператыўныя пункты, а таксама ў Нацыянальным ваенным музеі ў форце Святога Эльма, дзе сярод экспанатаў ёсць экран на падлозе, на якім наглядна паказаная рэканструкцыя дзеянняў падлодак, бамбавікоў і баявых караблёў.
Заблытаная гісторыя Валеты адлюстроўваецца на вулічных рынках горада, дзе можна набыць разнастайныя памятныя рэчы — ад рымскіх манет да ваенных снарадаў. А тым, хто хоча смачна паесці, варта адправіцца на адрэстаўраваны віктарыянскі рынак Іс-Сук-таль-Белт, дзе на фуд-корце можна пакаштаваць нацыянальныя стравы: мальтыйскага тушанага труса, канолі з рыкатай, мальтыйскі пудынг і знакамітыя рамавыя бабы.
Сталіца Мальты вядомая і дзякуючы фільмам — тут здымаліся «Гладыятар», «Троя» і першая серыя «Гульні тронаў», дзе Валета стала прататыпам Каралеўскай Гавані.