З Мінска пачаліся прамыя рэйсы ў В'етнам
10- 11.10.2025, 22:41
- 15,060
Колькі каштуюць квіткі?
Першы рэйс з Мінска на в'етнамскі востраў Фукуок адбыўся 11 кастрычніка. Яго выконвае Belavia. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведамляе Нацыянальны аэрапорт.
«Васільковы Airbus A330−200 ужо выляцеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск і ўзяў курс на Фукуок», — адзначае аэрапорт.
Як паведамляе дзяржаўны канал СТВ, Airbus A330−200 — самалёт падвышанай камфортнасці, умяшчальнасць — больш за 280 пасажыраў. Экіпаж — 12 чалавек. Паміж Мінскам і Фукуокам каля 8000 км, таму пасажыры правядуць у паветры каля 10 гадзін. За гэты час на борце ім будзе прадастаўлена двухразовае гарачае харчаванне.

Рэйс будзе чартарным і паводле плану будзе адпраўляцца раз на 11 дзён. Туры пад рэйсы прадае тураператар «Аэробелсервис». Так, напрыклад, у лістападзе пуцёўка на востраў Фукуок з Мінска будзе каштаваць ад 1 917 долараў на 10 дзён. У студзені — ад 1 788 на 11 начэй.
— Першыя рэйсы ў нас запоўненыя поўнасцю ў той бок, паколькі гэта чартарны рэйс, — расказаў намеснік гендырэктара Belavia Глеб Пархамовіч. — І, паводле інфармацыі тураператара, практычна да вясны яна поўная.

Як падкрэслівае Нацаэрапорт, Фукуок — другі «дальнамагістральны накірунак Belavia».
«Першы быў адкрыты некалькі дзён таму ў горадзе Санья на кітайскай выспе Хайнань. І зусім хутка на карце маршрутаў з'явіцца Шры-Ланка», — гаворыцца ў паведамленні аэрапорта.