У ЕС заявілі пра тэрміновую распрацоўку «сцяны супраць дронаў»
14- 10.09.2025, 14:02
- 6,260
Расія будзе спыненая.
У Еўрасаюзе заявілі пра тэрміновую распрацоўку «сцяны супраць дронаў» на ўсходнім флангу з-за ўварвання расійскіх беспілотнікаў у паветраную прастору Польшчы.
Пра гэта паведаміў еўракамісар па пытаннях абароны Андрус Кубілюс.
Паводле яго слоў, Расія зноў выпрабоўвае памежныя дзяржавы, ЕС і НАТА.
«Мы павінны тэрмінова распрацаваць «сцяну супраць дронаў» уздоўж усяго ўсходняга флангу ЕС, што цяпер з’яўляецца найважнейшым сумесным флагманскім праектам. Мы будзем працаваць разам з дзяржавамі-членамі, памежнымі краінамі і Украінай. Расія будзе спыненая», — напісаў еўракамісар.
Акрамя таго, вядома, што ЕС запусціць праграму Eastern Flank Watch («Назіранне за ўсходнім флангам»), пра што паведаміў яшчэ адзін еўракамісар Валдзіс Домброўскіс.
«ЕС будзе абараняць кожны сантыметр сваёй тэрыторыі. Еўракамісія запусціць праграму назірання за ўсходнім флангам, каб даць ЕС незалежныя стратэгічныя магчымасці, палепшыць назіранне за нашай усходняй мяжой у рэжыме рэальнага часу і пабудаваць «сцяну супраць дронаў», — напісаў ён.
Нагадаем, у ноч на 10 верасня польскую паветраную прастору парушылі расійскія дроны.