Чаму Польшча збівае расійскія дроны авіяцыяй і дарагім узбраеннем?
12- 13.09.2025, 20:44
- 15,362
На гэтае пытанне адказаў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда.
Польшча выкарыстоўвае дарагое ўзбраенне для збіцця беспілотнікаў краіны-агрэсара РФ, таму што не мае «антыдроннай сістэмы». Такое меркаванне выказаў экс-прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда у інтэрв’ю RMF FM 13 верасня.
Ён назваў рэакцыю Польшчы на парушэнне яе паветранай прасторы расійскімі дронамі «адпаведнай».
«Я цалкам згодны з [начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл Польшчы, генералам Веславам] Кукулам, які сказаў, што няважна, якой была цана, таму што жыцці палякаў бясцэнныя, і з гэтым не спрачаюцца, гэта правільна. Аднак заўсёды можна сказаць: ну, добра, але гэта таму, што няма сістэмы барацьбы з беспілотнікамі. Мы не мелі магчымасці адказаць на гэтую атаку беспілотнікаў эканамічна эфектыўным спосабам», – патлумачыў Дуда.
Былы прэзідэнт адзначыў, што не мае доступу да дзяржаўных таямніц, аднак выказаў здагадку, што Расія сваёй дронавай атакай у ноч на 10 верасня магла «правяраць» Польшчу.
«Патэнцыйна ёсць два варыянты. Ці расіяне ажыццявілі гэтую акцыю ў межах вучэнняў «Захад-2025», і гэта былі аднаразовыя вучэнні, якія правяралі нашы абарончыя магчымасці і салідарнасць НАТА; ці, на жаль, мы маем справу з вельмі сур’ёзнай сітуацыяй. Значна сур’ёзней. Гэта азначае, што мы назіраем пачатак новай версіі своеасаблівай гібрыднай атакі, якая працягваецца супраць Польшчы з 2021 года», – сказаў Дуда.