Польскія памежнікі разабралі на мяжы аўтамабіль жонкі лукашыста
- 1.10.2026, 11:32
- 3,342
Экс-дыпламат расказаў, як трэба рэагаваць на правакацыі дыктатара.
Былы польскі дыпламат Вітольд Юраш расказаў, як Польшча ў свой час «адказала» беларускім уладам на ціск на польскую меншасць у Беларусі. Юраш у 2010 годзе ўзначаліў палітычны аддзел пасольства Польшчы ў Мінску, а з красавіка 2010 года па люты 2011 года выконваў абавязкі кіраўніка дыпмісіі як часовы павераны ў справах. Пасля завяршэння дыпламатычнай кар'еры ён стаў журналістам і публіцыстам.
У размове з журналістам Богданам Рыманоўскім на яго YouTube-канале Юраш узгадаў працу ў Беларусі. Паводле яго слоў, тады беларускія ўлады рэгулярна стваралі праблемы прадстаўнікам польскай меншасці.
Як расказаў Юраш, польскі бок доўга думаў, як на гэта рэагаваць. У выніку вырашылі стварыць непрыемнасці самому беларускаму боку, скарыстаўшыся тым, што многія прадстаўнікі эліты Гродзенскай і Брэсцкай абласцей ездзілі па пакупкі ў Беласток і Бялу-Падляску. Дыпламаты склалі спіс найбольш уплывовых беларусаў і іх жонак.
«Абсалютна выпадкова на мяжы іх пачалі затрымліваць. Абсалютна выпадкова жонцы аднаго з важных беларускіх функцыянераў у новым аўтамабілі адкруцілі ўнутраную абіўку даху, бо сабачка вынюхала наркотыкі. Ніякіх наркотыкаў не знайшлі, але непрыемна было», – расказаў Юраш.
Паводле яго слоў, прыкладна праз два тыдні беларускі бок прапанаваў спыніць узаемныя прыдзіркі. Аднак палякі хацелі, каб у Мінску напэўна зразумелі прычыну таго, што адбывалася на мяжы. Тады, сцвярджае дыпламат, дамовіліся, што адзін з кіраўнікоў Памежнай аховы Польшчы патэлефануе яму з Варшавы па адкрытай лініі, якую, як ён лічыць, праслухоўвалі беларускія спецслужбы, і спытае, ці трэба працягваць «кіпіш» у дачыненні да беларусаў або беларускі бок ужо адступіў.
Юраш перакананы, што такі спосаб камунікацыі аказаўся для беларускіх уладаў больш зразумелым.