Порт для беларускіх грузаў у Мурманску адклалі на гады
2- 2.10.2026, 10:35
Транспартная інфраструктура не гатовая да заяўленых аб'ёмаў грузаў.
На будаўніцтва беларускага порта ў Кольскім заліве спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў. Рэалізацыю праекта тармозяць абмежаваныя магчымасці транспартных шляхоў, што вядуць да порта Мурманска. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра развіцця Арктыкі і эканомікі Мурманскай вобласці Арцём Кукса.
Інфармацыя пра будаўніцтва мультымадальнага беларускага порта ў Кольскім заліве з'явілася ў красавіку 2024 года, удакладняе Office Life. Тады пасля двухгадовых перамоваў Беларусі і Расіі ўрад Мурманскай вобласці падпісаў пагадненне аб будаўніцтве тэрмінала для перавалкі беларускіх грузаў з ООО «Морской терминал «Ворота Арктики»».
Гэта юрыдычную асобу са статутным капіталам 180 млн расійскіх рублёў зарэгістравалі 1 красавіка 2024 года ў населеным пункце Мішукова (Кольскі раён). Пры гэтым 99% ООО належыць беларускай кампаніі «Логистик Энерджи», яшчэ 1% — грамадзянцы Беларусі Нэллі Маляровай. Яна ж валодае «Логистик энерджи». Генеральным дырэктарам тэрмінала стаў беларус — былы намеснік старшыні «Белнафтахіма» і экс-кіраўнік «Белшына» Андрэй Бунакоў.
«Чыгунка не разлічана на такі аб'ём грузаў»
Аб'ём інвестыцый у праект не раскрываўся. Планавалі, што порт будзе мультымадальным з магчымасцю размяшчэння кантэйнернага тэрмінала. Ён будзе апрацоўваць сыпкія грузы, а таксама мінеральныя ўгнаенні і нафтапрадукты. Чаканы аб'ём перавалкі грузаў — да 25–30 млн тон у год. Аб'ект планавалі запусціць у 2028 годзе.
Аднак, паводле слоў Арцёма Куксы, калі пачалі прапрацоўваць будаўніцтва беларускага порта, высветлілася, што прапускной здольнасці чыгуначных падыходаў да тэрміналаў мурманскага порта не хапае. Таму цяпер мясцовыя ўлады вызначаюць аб'ём работ па развіцці чыгуначнай сеткі транспартнага вузла, іх кошт і механізм рэалізацыі праекта з пашырэннем прапускной здольнасці чыгункі пад прагназаваныя грузапатокі.
Інфраструктуру плануюць пашырыць за кошт новага комплекснага праекта развіцця Арктыкі, які распрацоўваюць у Расіі. Гэта дазволіць нарошчваць перавозкі тавараў праз порт Мурманска, у тым ліку беларускіх.
Цяпер беларускі тэрмінал прыватнага інвестара ўжо будуюць у Мурманску паралельна з мадэрнізацыяй самога порта, і на гэтыя працы спатрэбіцца некалькі гадоў, адзначыў першы намеснік міністра: «Пакуль ён будзе будавацца, грузы ўсё роўна трэба перавальваць. Таму паралельна выкарыстоўваюць існуючыя магутнасці, каб гэту лагістыку ўжо пачаць адладжваць, пралічваць, каб яна стабільна працавала. А потым яе пераключыць ужо на новы шлях».
«Хочам змяніць тарыфную палітыку ў дачыненні да беларускіх грузаадпраўнікоў»
Акрамя таго, каб больш зацікавіць беларускіх грузаадпраўнікоў перавозкамі праз мясцовы порт, урад Мурманскай вобласці лабіруе перад федэральнымі ўладамі змяненне тарыфнай палітыкі. Сёння транзіт тавараў у парты Балтыкі абыходзіцца танней, чым у паўночным напрамку. У любым выпадку, як падкрэсліў першы намеснік міністра, змяненне разлікаў — працэс «няпросты і няхуткі».
Тым не менш паўночны маршрут запатрабаваны ў беларускіх кампаній. Напрыклад, у сакавіку гэтага года Мурманскі балкерны тэрмінал падчас складанай ледавай абстаноўкі ў Фінскім заліве забяспечыў перавалку і адпраўку ў Кітай беларускага калію, перанакіраванага з Балтыкі.