У Беларусі рэзка вырасла колькасць падробленых еўра
- 2.10.2026, 14:45
Нацбанк расказаў, якія падробкі найчасцей трапляюцца ў звароце.
У Беларусі назіраецца прыкметны рост выяўленых падробак еўра. Пра гэта паведамляе Нацбанк.
У студзені — чэрвені гэтага года ў Беларусі выяўлена 235 падробленых грашовых знакаў — 195 банкнотаў і 40 манет, удакладніў рэгулятар.
«У Мінску выяўлена 66% усіх падробленых грашовых знакаў. У цэлым падробленыя грашовыя знакі былі вынятыя з грашовага звароту ў 30 населеных пунктах Беларусі, — паведамілі ў Нацбанку. — Па-ранейшаму найчасцей трапляюцца падробленыя долары — 66,8% ад усіх падробак».
Найчасцей выяўляліся падробкі наміналам 100 долараў — 108 падробак.
«Доля падробленых еўра склала 23,8%, а іх колькасць павялічылася ў 5,6 раза, — паведамляе рэгулятар. — Асноўную колькасць выяўленых падробленых еўра склалі манеты наміналам 2 еўра (28 падробак) і 1 еўра (11 падробак)».
Пры гэтым у студзені — чэрвені бягучага года не было выяўлена ніводнай падробленай банкноты беларускіх рублёў.