У Мінску прадаюць незвычайную кватэру ў доме для партыйнай эліты
2- 21.10.2026, 16:28
- 1,442
У ёй — англійская ванна, ложак з балдахінам і нават уласны смеццеправод.
Калі нейтральныя інтэр’еры ўжо надакучылі, гэтая чатырохпакаёвая кватэра на вуліцы Чарвякова здольная ўразіць смелым міксам стылёў. Тут сабраны рашэнні, якія рэдка сустрэнеш пад адной страхой: двухколерная дубовая кухня з востравам, брытанская ванна на ножках, пакаёвыя джунглі на штучным паркеце і спальня ў насычаных чырвоных тонах з балдахінам і падушкамі з кутасамі. Domovita паказала, як выглядае прасторнае жытло на 115 квадратаў без слядоў безаблічнага еўрарамонту і што менавіта ўваходзіць у кошт $290 000.

Кватэра знаходзіцца на другім паверсе цаглянай дзевяціпавярхоўкі на вуліцы Чарвякова, 4. Гэта будынак — рэдкі прыклад наменклатурнага дома эпохі ранніх сямідзясятых. Яго ўзвялі ў 1970–1971 гадах па індывідуальнай замове Упраўлення справамі ЦК КПБ. Праект распрацоўвалі ў «Белгаспраекце» архітэктары Аляксандр Воінаў і Сяргей Філімонаў, адразу заклаўшы ў яго характарыстыкі жылля камфорт-класа: столі вышынёй 2,7 метра, шырокія кухні, ізаляваныя спальні і абавязковы кабінет.
Цяпер паводле сталічных меркаў гэта жыллё — амаль клубны фармат. Агульная плошча кватэры — 115,1 квадрата, з якіх на жылую зону прыпадае амаль 74 квадратныя метры.

Усе пакоі тут ізаляваныя. Прасторы хапае: вялізная гасцёўня на 23 квадраты, прасторны дзіцячы пакой, спальня і асобны рабочы кабінет.

Кухня-сталовая — 17,5 квадрата, таму ціснуцца падчас сямейных вячэр не давядзецца. Санвузлоў тут два, і абодва раздзельныя. У дадатак у кватэры ёсць дзве лоджыі.

Дызайнеры відавочна рабілі стаўку на экалагічнасць і даўгавечнасць, таму ніякага таннага лінолеуму або пластыкавых панэляў тут няма. На падлозе ў пакоях укладзены натуральны паркет, а на кухні — практычны керамграніт. Сама кухонная мэбля прыехала проста з Германіі: фасады выкананыя з натуральнага дуба ў строгім англійскім стылі.

У ванным пакоі гаспадары ўзнавілі атмасферу старой добрай Англіі. Сцены абліцаваныя італьянскай пліткай, а па цэнтры стаіць чыгунная ванна на масіўных бронзавых ножках брытанскай вытворчасці.

Душавая стойка і змяшальнікі — таксама еўрапейскай якасці, з Італіі. З прыемных бонусаў — усталяваны бойлер на выпадак летніх адключэнняў вады і імпартная бытавая тэхніка ад Bosch і Teca. А ў адным з санвузлоў захаваўся рэдкі артэфакт — уласны смеццеправод.

Раён Чарвякова ў прадстаўленні не мае патрэбы — гэта абжыты цэнтр горада. Да парку Перамогі можна дайсці няспешным крокам за пару хвілін. Прыкладна столькі ж зойме шпацыр да набярэжнай Свіслачы. Да станцыі метро «Няміга» можна даехаць аўтобусам за 12 хвілін, а пры жаданні — дайсці пешшу за 20. Уся патрэбная інфраструктура — школы, дзіцячыя сады і паліклінікі — у крокавай даступнасці.
Кватэру прадаюць разам з мэбляй і тэхнікай, а ацанілі яе ў 864 090 рублёў або $290 447 у эквіваленце.