22 кастрычнiка 2026, Чацвер, 10:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка князя Вітаўта

Дачка князя Вітаўта

Адсутнасць у князя спадкаемца наклала незгладную пячатку на беларускую гісторыю.

Вялікі князь Вітаўт пражыў 80 гадоў. З іх 60 ён быў жанаты. Жонак у князя змянілася трое. Але ад трох жонак за больш як паўстагоддзе сямейнага жыцця ў яго было толькі адно дзіця — дачка Сафія, якую нарадзіла яго другая жонка Ганна Смаленская. Гэтая адсутнасць у князя спадкаемца наклала незгладную пячатку і на беларускую гісторыю.

У хроніках сустракаюцца згадкі, што ад Ганны былі ў Вітаўта двое сыноў — Іванка і Юрый, але іх у маленстве нібыта атруцілі крыжакі. Ёсць нават мастацкае палатно на гэты драматычны сюжэт, на якім паказаны бязлітасны тэўтонец, што падае двум атрокам чашу з атрутай. Аб’ектыўныя даследчыкі лічаць, што ў аснову гэтай змрочнай легенды легла блытаніна: Іванам і Юрыем называлі швагроў вялікага князя, якіх ён сапраўды пакідаў немцам закладнікамі, але абодва засталіся жывымі. Ды і ў нашых летапісах гэтая трагедыя не адбілася, хоць, безумоўна, такая падзея, як падлае забойства сыноў Вітаўта, не засталася б без шырокага розгаласу.

Сафіі не давялося аплакваць смерць родных братоў. Але і ў дзяцінстве, і ў сталых гадах лёс адмерыў ёй нашмат менш шчасця, чым можна было б чакаць для дачкі вялікага князя літоўскага і вялікай княгіні Маскоўскай, якой яна стала ў шлюбе.

Княжацкая школа

Сафія нарадзілася ў 1371 годзе. Замуж выйшла ў дваццаць гадоў. Па звычаі таго часу — позна: тады 15‑гадовая дзяўчына лічылася пераспелай нявестай. Ды ўжо так для яе склалася, што паміж заручынамі і вяселлем мінула пяць гадоў. Яе ранняе дзяцінства было шчаслівым. У Літве мірна княжылі брат Альгерд і яе дзед Кейстут. Вітаўт і яго дваюрадны брат Ягайла паказвалі ўзор вечнай дружбы. Яна жыла то ў дзедавых Старых Троках, то ў бацькавым гродзенскім замку. Бабка Бірута, жонка Кейстута, душы не чаяла ў першай унучцы.

Усё змянілася са смерцю Альгерда. Барацьба Ягайлы за самадзяржаўную ўладу адкрыла трагічную старонку і ў жыцці Вялікага Княства, і ў лёсе Сафіі. Дзесяці гадоў ёй давялося перажыць горкія страты — смерць дзеда ў турме Крэўскага замка, дзе яго задушылі па загадзе Ягайлы, і смерць бабкі, якую чэляднікі Ягайлы патапілі ў Мухаўцы. Яе бацька апынуўся ў той жа замкавай турэмнай каморы, дзе быў забіты Кейстут. Яна з маці прыязджала да яго ў Крэва і хадзіла наведваць у каменнае падзямелле. І ведала рызыкоўны план уцёкаў бацькі з турмы. Служанка маці Алена была для яе нібы родная цётка. Сафія аплаквала яе, калі ягайлавы душагубы забілі яе за самаахвярную дапамогу ў уцёках князя Вітаўта.

Калі бацьку ўдалося ўцячы з замка, пачаліся вандроўкі сям’і. Конна, з невялікім атрадам баяраў, верных бацьку, яны памчалі пад крыло да крыжакоў. Сафіі давялося назіраць, як бацька прасіў у крыжакоў дапамогі, і жыць з маці па нямецкіх замках у ролі закладніц. Тут Вітаўт вымушаны быў хрысціцца ў «нямецкую веру», каб вадзіць атрады рыцараў «аднаверцаў» паліць і руйнаваць пасяленні на землях Ягайлы. І Сафія ў дванаццаць гадоў — сведка тайных размоў бацькі з маці, іх планаў, іх цярпення, неабходнага, каб вярнуць уладу і сабе, і тым людзям, якія даверылі свае лёсы. У 1384 годзе Ягайла перад Крэўскай уніяй з Польшчай таемна прапанаваў Вітаўту памірыцца і вярнуў яму Гродзенскі, Брэсцкі і Луцкі ўдзелы. І яны ўцяклі ад крыжакоў, пазначаючы свой шлях пажарамі спаленых рыцарскіх замкаў. Не думалася тады, што зноў прыйдзецца прасіць тут прытулку. На радзіме іх таксама чакала трагедыя. У 1386 годзе ў Мсціслаўскай бітве смалянаў з войскам Ягайлы быў забіты смаленскі князь Святаслаў Іванавіч, бацька княгіні Ганны і дзед Сафіі. Драматычны лёс чакаў яе родных дзядзькоў Глеба і Юрыя.

У Луцку лёс звёў яе з яе суджаным — княжычам Васілём, сынам Дзмітрыя Данскога. Княжыч пасля пагрому Масквы Тахтамышам у 1382 годзе быў пасланы бацькам у Арду для спрэчкі за вялікакняскі стол з цвярскім князем Міхалам Аляксандравічам. Два гады ардынцы ўтрымлівалі Васіля закладнікам за бацькоўскі доўг у 8 000 рублёў срэбрам. З дапамогай баяраў княжычу ўдалося ўцячы ў Малдавію, а адтуль на Валынь, дзе намеснічаў Вітаўт. Гэтая сустрэча для Васіля і Сафіі скончылася заручынамі.

Важна адзначыць, што Васіль і Сафія былі аднагодкі, па 15 гадоў, юныя, прыгожыя, з найлепшых родаў — словам, выдатная пара. Дык што пры ўсіх палітычных разліках вакол гэтага шлюбу Вітаўт не крывіў душой і аддаваў сваю дачку па каханні, што ў той век было вялікай рэдкасцю. Займеўшы польскі трон, Ягайла палічыў лішнім выконваць свае абяцанні Вітаўту, і гэта абумовіла новую ўнутраную вайну. Вітаўт зноў пайшоў да крыжакоў і разам з нямецкімі рыцарамі правёў шэраг паходаў на Літву, імкнучыся захапіць Вільню.

Падчас гэтых паходаў бацькі Сафія з маці знаходзіліся ў сталіцы Ордэна Мар’енбургу (Мальборку). Доўгае жыццё сярод немцаў спрыяла вывучэнню моваў. Маці і дачка навучыліся граць на клавікордах. Дык што Сафія была па-еўрапейску адукаваная, атрымала шырокі палітычны досвед і пераканалася, што жыццё вялікага князя і княгіні поўнае небяспек.

У міжусобнай вайне, акрамя дзеда і бабкі, многія з яе родных былі забітыя ў баях або сталі ахвярамі змоў. Калі настаў дзень яе ад’езду ў Маскву, яна ведала, што родзічы ў сваіх бітвах за ўладу літасці не маюць: чужаземнага ворага цэняць вышэй, бо яго можна выкупіць, а з памілаваных своякаў вырастаюць самыя жорсткія мсціўцы.

Муж і дзеці

У 1389 годзе памёр князь Дзмітрый Данскі. Ён завешчаў княжанне свайму сыну Васілю, і законны хан «Рускага улуса» Тахтамыш пацвердзіў правы Васіля Дзмітрыевіча на вялікакняскі стол. Тады па нявесту ў ордэнскую сталіцу паехала ад вялікага князя пасольства. З Мальборка Сафія морам паплыла ў Пскоў, з яго абозам дабралася ў Ноўгарад, дзе яе сустракалі ад імя жаніха яго дзядзька Уладзімір Андрэевіч Сярпухаўскі і малодшы брат Васіля князь Андрэй.

Быў на гэтай сустрэчы і будучы галоўны вораг Сафіі — другі сын Дзмітрыя Данскога князь Юрый Дзмітрыевіч. 1 снежня 1390 года санны абоз даставіў літоўскую князёўну ў Маскву, а пасля Калядаў было вянчанне і вяселле. Сафія стала вялікай княгіняй Маскоўскай. Ёй наканавана было пражыць тут больш за 60 гадоў. Яны апынуліся драматычнымі, бед і гора давялося перажыць незлічона.

Ад бацькі з маці трапіла яна ў шматдзетную сям’ю. У Дзмітрыя Данскога і жонкі яго Еўдакіі было 12 дзяцей. Двое памерлі да прыезду Сафіі, але заставалася яшчэ дзевяць, прычым малодшы сын Канстанцін нарадзіўся за чатыры дні да смерці бацькі. Еўдакіі трэба было ставіць іх на ногі. Гэта значыць кожнаму сыну забяспечыць хаця б які ўдел, а чатырох дачок аддаць замуж.

У самой Сафіі Вітаўтаўны з Васілём Дзмітрыевічам нарадзіліся пяцёра сыноў і чатыры дачкі. Першай з’явілася на свет у 1393 годзе Ганна, аддадзеная ў 1407 годзе за візантыйскага цэсарэвіча Іаана Палеолага (будучага візантыйскага імператара Іаана VIII). Але ёй не наканавана было стаць імператрыцай, яна памерла ў 1415 годзе.

Анастасія ў гэты год выйшла замуж за Аляксандра Уладзіміравіча Алельку (які валодаў у той час Слуцкім княствам), яна сканала ў 1470. Васіліса і Марыя былі аддадзены за рускіх князёў. Але на сыноў быццам ляжала пячатка злога року. Юрый, народжаны ў 1395 годзе, пражыў шэсць гадоў, Іван памёр у 1417‑м на 20‑м годзе жыцця, Сямён і Даніла не пражылі і года. І толькі Васіль, якога Сафія нарадзіла ў 44 гады, апынуўся доўгачаканым спадкаемцам. Смерць кожнага дзіцяці трэба было перажыць, а пра такія страты заўжды баліць мацярынскае сэрца.

Па настаянні жонкі Васіль Дзмітрыевіч завяшчаў вялікакняскі стол двухгадоваму Васілю, што парушала вековыя ўяўленні пра права спадкаемства. Смерць першага і другога сыноў, позняе з’яўленне наступнага спадкаемца стварылі сітуацыю, калі барацьбу за маскоўскае княжанне пачалі іншыя сыны Дзмітрыя Данскога, трымаючыся старога звычаю, які дазваляў уступаць на трон і малодшым братам.

Магчыма, так і здарылася б, і Сафію з яе мужам выціснулі б з маскоўскага Крэмля на задворкі, калі б не быў бацькам Сафіі вялікі князь Вітаўт. Прыйшоўшы да ўлады ў ВКЛ у 1392 годзе, ён утрымаў яе да 1430 года. Сустрэчы Сафіі з бацькам былі нячастымі. У 1399 годзе яны бачыліся ў Смаленску. Пры развітанні Вітаўт благаславіў Сафію абразом Смаленскай Багародзіцы.

Паводле падання, гэты абраз быў напісаны святым евангелістам Лукай і прывезены на Русь у Кіеў грэцкай царэўнай Ганнай, жонкай Уладзіміра Святога, а за Уладзіміра Манамаха быў перанесены ў Смаленск, дзе захоўваўся ў гарадскім саборы. Вярнуўшыся ў Маскву, Сафія паставіла абраз у Благавешчанскім саборы ў Крэмлі. У Смаленску ж дачка і бацька сустракаліся яшчэ ў 1408 годзе, калі паўстала пагроза вайны паміж Вітаўтам і Масквой.

Не без старанняў Сафіі цесць і зяць дамовіліся пра вечны мір. Яшчэ яны бачыліся ў 1422 годзе, бацьку ўжо было 72 гады, Сафіі — за 50. На гэтыя сустрэчы Сафія брала сваіх дзяцей. Сумна, трэба думаць, было Вітаўту развітвацца з унукамі, якія раслі без яго і ў іншай дзяржаве. Вялікае Княства тады прасцягнулася ад мора да мора, і з ім усе лічыліся. Разумеючы сілу свайго цесця, Васіль Дзмітрыевіч на смяротным ложы ў 1425 годзе «парачыў» сваю жонку і дзесяцігадовага спадкаемца Васіля апецы князя Вітаўта.

Трагедыя міжусобіцы

Васіль Васільевіч Цёмны, пачаўшы князіць пасля смерці бацькі ў 1425 годзе, сам, натуральна, кіраваць не мог. Рэальнай кіраўніцай, вялікай княгіняй маскоўскай была Сафія Вітаўтаўна. Выпала ёй з першага ж дня пачаць барацьбу з раднёй мужа. Брат пакойнага, Юрый Дзмітрыевіч, адмовіўся прысягаць пляменніку Васілю і адправіўся ў свой горад Галіч збіраць войскі для вайны за маскоўскі трон. Пачніся вайна, наўрад ці абышлося б без умяшання Вітаўта.

Каб пазбегнуць вайны, у Галіч па радзе з княгіняй Сафіяй накіраваўся мітрапаліт Фоцій. Князь Юрый сабраў да яго прыезду ў горад мноства ўзброеных сялян. Уладыка гэтую хітрасць Юрыя Дзмітрыевіча ацаніў так: «Сын князь Юрый! Ніколі я не бачыў столькі людзей у авечай воўне!» Юрый зразумеў, што яго сялянскае апалчэнне не зможа перамагчы маскоўскую конніцу, прызнаў сябе малодшым братам 10‑гадовага пляменніка і абавязваўся не шукаць вялікага княжання.

Але ў кастрычніку 1430 года памёр князь Вітаўт. Вялікае Княства Літоўскае неадкладна ўступіла ў паласу міжусобных войнаў. Вялікім князем шляхта назвала малодшага брата Ягайлы князя Свідрыгайлу. Ён не любіў траюрадную сястру Сафію ўжо хаця б за тое, што яе бацька 10 гадоў трымаў яго пад замком у Крэменецкай крэпасці. А Юрый Дзмітрыевіч быў з ім у нейкім сваяцтве. Такая змена абставінаў паслужыла абуджэнню ваяўнічых планаў у сямействе Юрыя Дзмітрыевіча. Нагода таксама знайшлася.

На вяселлі сына ў 1433 годзе Сафія Вітаўтаўна сарвала залаты пояс з Васіля Юр’евіча Косага, дваюраднага брата жаніха. Старыя баяры расказалі Сафіі, што гэты пояс ад Дзмітрыя Суздальскага, у пасаг за дачкой, перайшоў да Дзмітрыя Данскога. На вяселлі тысячнік Вельямінаў падмяніў гэты пояс і аддаў сыну свайму, Мікалаю. Ад Вельямінавых пояс перайшоў, таксама ў пасаг, у род князя Уладзіміра Андрэевіча, а потым да Васіля Косага, у пасаг за яго жонкай.

Княгіня Сафія, даведаўшыся, які быў на Косым пояс, публічна вярнула яго ў сваю сям’ю. Апазораныя Васіль Косы і яго брат Дзмітрый Шамяка адразу ж пакінулі вяселле. Іх пакрыўджаны бацька, князь Юрый Дзмітрыевіч, вырашыў захапіць Маскву. Ён сілком пазбавіў пляменніка вялікага княжання і «шчодра» даў у ўдел Каломну.

Давялося Сафіі Вітаўтаўне пакінуць Крэмль і выехаць з Масквы. Змірыцца з такой стратай і з становішчам удзельнай княгіні Сафія Вітаўтаўна, вядома ж, не магла і арганізавала праз царкву ўсеагульнае абурэнне самаўпраўствам малодшага сына Дзмітрыя Данскога. Юрый Дзмітрыевіч, нядоўга пасядзеўшы вялікім князем маскоўскім, палічыў за лепшае вярнуцца ў свой Звянігарад.

Там ён раптоўна сканаў, што выклікала чуткі пра наўмыснае атручванне. Тады вялікакняскі стол сваёй воляй заняў Васіль Косы. Нават яго браты былі супраць такой ліхасці і самі прапанавалі Васілю вярнуцца ў Крэмль. Вайна працягвалася да 1436 года, калі князь Васіль Косы накіраваўся ў Кастраму збіраць войскі супраць вялікага князя Васіля. Войскі праціўнікаў сустрэліся каля вёскі Скореціна. У бітве Васіль Косы быў узяты ў палон, адвезены ў Маскву і па рашэнні баяр і са згоды Васіля Васільевіча асляплены.

Разумеецца, браты няшчаснага сталі чакаць выпадку для помсты.

Тым часам у Літве здарылася падзея, якая не магла не закрануць Сафію Вітаўтаўну асабіста і як вялікую княгіню маскоўскую. У 1440 годзе ў Трокскім замку князь Аляксандр Чартарыйскі па баярскім загаворы забіў яе роднага дзядзьку, вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча.

Паколькі дзядзька быў самы блізкі з жывых яе свояк і ў дзяцінстве трымаў яе на каленях, і разам з ім Сафія вандравала па нямецкіх замках у падлеткавыя гады, то яна горка перажывала яго забойства. На вызваленае месца паны і шляхта пракрычалі вялікім князем 14‑гадовага Казіміра, малодшага сына Ягайлы. Усё, што бацька яе дзесяцігоддзямі збіваў у дзяржаўнае цела ВКЛ, што магла спадкаваць дынастыя Кейстутавічаў, дасталося яе траюраднаму брату Казіміру Ягайлавічу, які неўзабаве стаў і каралём у Польшчы. Гэты далёкі брацік гадаўся ёй ва ўнукі, ён з’явіўся на свет, калі ёй было 55 гадоў, а ягонаму бацьку каралю Ягайлу — 76 гадоў, гэта значыць калі многія і ў Літве, і ў Польшчы былі перакананыя, што ў нараджэнні сына каралю дапамаглі маладыя рыцары.

На многае з тэрытарыяльнай спадчыны па сваіх бацьках Сафія Вітаўтаўна мела правы, у прыватнасці на Смаленскае княства, якім кіраваў цяпер каралеўскі намеснік і якое стала ваяводствам. Як любячая сваіх унукаў бабуля княгіня Сафія распарадзілася б дзедаўскай вотчынай, вядома, на іх карысць.

І, апрача Смаленска, яна, адзінае дзіця Вітаўта, лічыла за сабою правы і на іншыя бацькавы ўдзелы. Часто яна пра гэта думала і часта пра гэта казала. Яе любімыя ўнукі, што сядзелі ў яе на каленях і заварожана слухалі бабуліны аповеды пра мінулыя дні, дзядоў і прадзедаў, крыўды і страты, увайшоўшы ва ўзрост і ва ўладу, пачнуць іх вяртаць. Дык што маскоўскія войны з Вялікім Княствам, якія пачаліся ў 1492 годзе, мелі падмуркам не толькі адназначную агрэсію.

Вока за вока

У 1445 годзе Васіль Васільевіч выступіў супраць татараў, што занялі Ніжні Ноўгарад, і трапіў у палон. У бітве на Нерлі ён страціў ад шабельнага ўдару некалькі пальцаў на руцэ, а на галаве потым налічылі трыццаць ран. Татары адаслалі ў Маскву княгіні Сафіі натыльны крыж сына, каб яна не сумнявалася ў бядзе сына. Сафія Вітаўтаўна выкупіла Васіля за велізарную па тых часах суму ў 25 000 рублёў. Збор такіх сродкаў выклікаў сярод маскоўскага баярства смуту і нязгоду.

Князь Дзмітрый Юр’евіч Шамяка гэтым скарыстаўся. Падчас ад’езду Васіля Васільевіча на багамолле ў Троіцкі манастыр Шамяка са сваімі прыхільнікамі раптоўна захапіў Маскву і ўзяў у палон жонку князя і княгіню-маці Сафію Вітаўтаўну, а потым у Троіцы ўзяў у палон і самога вялікага князя Васіля. На простых санях Васіля адвезлі ў Маскву, у двор Дзмітрыя Шамякі, дзе 20 лютага 1446 года яго асляпілі.

Было яму трыццаць гадоў, а наступныя шаснаццаць ён пражыў у слепаце, і таму яго пачалі называць Васіль Цёмны. Ці лёгка было маці сустрэць свайго любімага сына без вачэй? Сляпы Васіль быў сасланы ў Угліч разам з жонкай, а вялікую княгіню Сафію Вітаўтаўну саслалі ў Чухламу. Малалетнія дзеці Іван і Юрый былі вывезены ў Муром, а потым іх перавезлі да бацькі.

Сафія Вітаўтаўна ў гэтай трагедыі праявіла высокую стойкасць, здолеўшы арганізаваць усіх сваіх прыхільнікаў і прыхільнікаў сына. Іх дружыны пачалі сцягвацца да Угліча. Прадчуваючы бяду, Шамяка ўзяў з Васіля праклятыя граматы не шукаць вялікага княжання («праклятыя» — азначала, што Васіль Васільевіч загадзя прызнаваў сябе праклятым, калі падыме руку на Шамяку) і даў яму ў ўдел Валагду.

Але ігумен Кірылы-Белаазёрскага манастыра зняў з Васіля Цёмнага гэтую клятву. Тады князь Васіль прыбыў у Цвер. Цверскі князь Барыс Аляксандравіч прасіў Васіля Цёмнага ажаніць яго сямігадовага сына Івана са сваёй дачкой Марыяй. Адбыліся заручыны дзяцей, і Васіль Цёмны з цверскімі атрадамі рушыў да Масквы. У 1450 годзе Шамяка быў разбіты пад Галічам і ўцёк у Ноўгарад. Але пазбегнуць помсты яму не ўдалося.

У 1453 годзе ў Ноўгарад прыбыў маскоўскі дзяк Сцяпан Барадаты, які здолеў арганізаваць змову супраць Шамякі. Дзмітрый Шамяка памёр, паеўшы курыцу, якую яго асабісты кухар прасякнуў атрутай.

Апошнія гады

Гэта быў апошні год жыцця вялікай княгіні Сафіі Вітаўтаўны. Перад тым летапісы засведчылі яе ўдзел у абароне Крэмля. У 1451 годзе на Маскву рушылі татары. Васіль Цёмны адправіўся збіраць войска для адпору ворагу. У Маскве засталася кіраваць княгіня-маці. Хронікі адзначаюць, што менавіта 80‑гадовая вялікая княгіня сваёй моцнай воляй наладзіла адпор татарам.

1 чэрвеня яна паслала масквічоў у бой пад сценамі горада. Стаяла сухое і ветранае надвор’е. Вораг спаліў пасады, густыя воблакі дыму засланялі Крэмль. Людзі задыхаліся ад гару і сажы. Увечары, калі пажар сціх, зноў была бітва, і масквічы адбілі ў татараў награбаванае дабро.

Сафія Вітаўтаўна скончыла 13 ліпеня 1453 года ў інокінях пад імем Ефрасінняй і пахаваная ў Узнясенскім дзявочым манастыры. Пасля сябе княгіня Сафія пакінула: абраз, акованы на мусіі, абраз Прачысцей Багародзіцы з пеленай, вялікі абраз Багародзіцы стэпны з пеленай і з убрусцамі, абраз св. Кузьмы і Даміяна, абраз св. Фёдара Стратылата, выбіты на срэбры. Акрамя таго, пакінула два дубовыя ларчыкі, вялікі і малы, вялікую скрыню і кароб з крыжамі, абразамі і мошчамі.

Усё гэта, як відаць, небагатае багацце; мала падобныя гэтыя рэчы на экспанаты для Збройнай палаты. Але не ў модзе тады было ў Маскве збіраць рухомасць. Вялікія князі траціліся на скупку нерухомасці, павялічваючы свой удзел.

Сафія Вітаўтаўна таксама набыла некалькі вёсак, якія завяшчала ўнукам. Ёй належала і падмаскоўная вёска Вараб’ёвы Горы, купленая ў папа па мянушцы Варабей. Гэтая вёска перайшла ад яе любімаму ўнуку, будучаму Івану III Васілевічу.

Унук Ванюша

Любімы яе ўнук стаў вялікім князем пасля смерці бацькі ў 1462 г. Паводле завяшчання Іван атрымаў самы вялікі па тэрыторыі і значнасці ўдел, у які, апрача часткі Масквы, уваходзілі Каломна, Уладзімір, Пераяслаўль, Кастрама, Устюг, Суздаль, Ніжні Ноўгарад і іншыя гарады.

У 1469 г. папа Павел II прапанаваў удавецу Івану руку Зоі, або, як яна стала называцца ў Расіі, Сафіі Палеолаг, пляменніцы апошняга візантыйскага імператара. 12 лістапада 1472 г. Сафія ўехала ў Маскву і абвянчалася з Іванам. Шлюб з прынцэсай моцна змяніў і звычаі маскоўскага двара: Сафія прывезла з сабой візантыйскія ўяўленні пра царскую ўладу і візантыйскі герб (двухгаловы арол).

Пры Іване ў 1480 годзе пасля стаяння на розных берагах ракі Угры абрынулася ўлада Залатой Арды над Руссю.

А пасля смерці Казіміра, калі літоўскі трон заняў вялікі князь Аляксандр, Іван пачаў з ім адкрытую вайну. Іван згадзіўся на шлюб сваёй дачкі Елены з Аляксандрам, але паставіў умовай, каб Аляксандр прызнаў за ім тытул гаспадара ўсёй Русі і ўсе землі, набытыя Масквой падчас вайны.

Узаемныя дамаганні і прэтэнзіі ў 1499 годзе выклікалі новую вайну паміж гістарычнай Літвой і Масковіяй. Яна аказалася ўдалай для Івана Васілевіча. 14 ліпеня 1500 года маскоўскія войскі атрымалі перамогу над беларуска-літоўскімі палкамі ў бітве на Ведрашы, пры гэтым быў узяты ў палон вялікі гетман літоўскі князь Канстанцін Астрожскі.

Памёр унук Сафіі Вітаўтаўны, цар Іван III Васілевіч, у 1505 годзе. А ўжо яго дзеці бабку сваю ў жывых не засталі, голасу яе не чулі, і на Іване перарвалася жывая памяць пра княгіню Сафію, дачку князя Вітаўта, а засталася кніжная.

Канстанцін Матусевіч, expressnews.by

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲