Для некаторых катэгорый беларусаў павышаюць падаткі
- 25.10.2026, 10:22
- 1,224
Гэта прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс.
У Беларусі ў 2027 годзе маюць намер павялічыць падаткі для ўладальнікаў аграсядзіб і рамеснікаў. Гэта прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс.
Цяпер уладальнікі аграсядзіб плацяць падатак у 45 рублёў у месяц, а рамеснікі — 10 рублёў. Гэтыя зборы маюць намер павысіць да 48 і 11 рублёў у месяц адпаведна.
У 2024 годзе ўрад зацвердзіў пералік відаў дзейнасці для рамеснікаў. У яго ўключылі выраб нацыянальных музычных інструментаў, вырабаў ручнога ткацтва, пражы, кавальства і скураробства.
У пералік таксама ўключаны выраб бочак (бондарства), мастацкая апрацоўка і роспіс вырабаў з розных матэрыялаў. Акрамя таго, дазволеныя для рамеснікаў выраб і рамонт печных ізразцоў, дэкаратыўных ізразцоў і панно-ўставак, ізразцовых карнізаў з прыроднай гліны, а таксама павозак, саней і дзіцячых санак, вырабаў, выкананых у клапцікавай тэхніцы.