Скандал у Бразіліі: Балсанару патрабуе ануляваць вынікі выбараў
1- 26.10.2026, 11:00
- 1,146
Падставай для гэтага ён назваў рашэнне падаўжыць час галасавання на дзве гадзіны.
Дзейны прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва здабыў перамогу над сэнатарам Флавіу Балсанару і забяспечыў сабе чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін. Пра гэта паведаміў выбарчы суд краіны.
Аднак старэйшы сын былога прэзідэнта Жаіра Балсанару, асуджанага на 27 гадоў зняволення за спробу дзяржаўнага перавароту, адмовіўся прызнаць паразу. Паводле Reuters, ён заявіў, што будзе дамагацца анулявання вынікаў галасавання.
Падставай для гэтага Флавіу Балсанару назваў рашэнне Вярхоўнага суда падаўжыць час галасавання на дзве гадзіны. Пра гэта прасіў Лула, калі высветлілася, што ў найбуйнейшых гарадах краіны адмянілі рэйсы грамадскага транспарту або не выпусцілі аўтобусы на маршруты, з-за чаго частка выбаршчыкаў не змагла своечасова дабрацца да ўчасткаў.
«Я не прыму таго, што правілы гульні былі змененыя ў апошнюю хвіліну, зноў жа, сябрамі Лулы ў Федэральным Вярхоўным Судзе. Незразумела, як гэта здарылася. Трэба шмат што высветліць, перш чым Бразілія проста прызнае гэты брудны трук, які адбыўся падчас гэтых выбараў. Я не адкажуся ад сваёй Бразіліі!» — заявіў ён.
Балсанару-малодшы дадаў, што прызнаць вынікі немагчыма: «Улічваючы тое, як разгортваліся гэтыя падзеі, немагчыма прызнаць вынікі выбараў. Мы задзейнічаем нашу юрыдычную каманду, мы будзем патрабаваць адмены гэтых выбараў».
Перамога Лулы супярэчыць дадзеным апытанняў і ідзе ўразрэз з тэндэнцыяй да «правага курсу», якая цяпер назіраецца ў краінах Лацінскай Амерыкі. Флавіу Балсанару лідзіраваў у першым туры, але ў другім прайграў больш чым на 4 мільёны галасоў.
Паводле ацэнак аналітыкаў, ануляванне вынікаў надзвычай малаверагоднае. Адрыў Лулы больш чым удвая перавышае той, з якім калісьці прайграў бацька Балсанару-малодшага. Акрамя таго, выбарчы штаб самога Флавіу Балсанару таксама прасіў падаўжыць час галасавання з-за дажджоў на поўдні краіны.
Рэакцыя Балсанару-малодшага нагадвае паводзіны яго бацькі, які таксама адмовіўся прызнаць паразу ад Лулы на выбарах 2022 года.