Беларускіх дачнікаў і ўладальнікаў гаражоў чакаюць новыя правілы
- 26.10.2026, 17:05
- 2,002
Кааператывы пачнуць перадаваць звесткі пра ўладальнікаў і іх нерухомасць.
З 7 снежня 2026 года садоўніцкія таварыствы, дачныя і гаражныя кааператывы павінны будуць прадастаўляць інфармацыю пра землекарыстальнікаў і нерухомасць на ўчастках. Ідзецца пра выпадкі, калі ўпаўнаважаныя арганізацыі накіруюць адпаведны запыт.
Такі парадак устаноўлены пастановай Савета Міністраў №531 ад 21 кастрычніка 2026 года. Дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 23 кастрычніка.
Можна будзе запытваць звесткі пра ўчасткі і аб’екты нерухомасці, правы на якія не зарэгістраваныя або не падлягалі дзяржаўнай рэгістрацыі.
### Якія звесткі давядзецца прадаставіць
Па зямельным участку трэба будзе пазначыць:
- адрас або месцазнаходжанне;
- плошчу;
- звесткі пра ўласніка або іншага праваўладальніка.
Для садовага доміка, дачы або гаража спатрэбяцца адрас і звесткі пра ўладальніка. Калі аб’ект мае інвентарны або іншы ўліковы нумар, яго таксама пазначаць.
Для фізічных асоб прадугледжана перадача прозвішча, імя і імя па бацьку, даты нараджэння, ідэнтыфікацыйнага нумара і грамадзянства. Ад арганізацый запатрабуюць назву, рэгістрацыйныя звесткі і УНП. Для індывідуальных прадпрымальнікаў прадугледжаны асобны пералік звестак.
Адказы можна будзе накіроўваць у электронным выглядзе праз сістэму міжведамаснага электроннага дакументаабароту або на паперы.
На падрыхтоўку адказу адводзіцца не больш за 10 рабочых дзён з моманту атрымання запыту.
Акрамя таго, арганізацыі па землеўпарадкаванні змогуць атрымліваць звесткі пра землекарыстальнікаў з дзяржаўных інфармацыйных сістэм — у тым ліку з рэгістра насельніцтва і рэгістра нерухомасці.
Гэтыя звесткі будуць выкарыстоўвацца для мэтаў, прадугледжаных Кодэксам аб зямлі. Новыя правілы пачнуць дзейнічаць 7 снежня 2026 года.