Сюзэрэн і васал
2- Віталь Цыганкоў
- 3.10.2026, 16:12
Чаму Лукашэнка не можа кінуць Расію.
Людзі нярэдка задаюцца даволі наіўным пытаннем: ці можа Лукашэнка пераабуцца ў палёце, кінуць Расію і пабегчы на Захад? Калі вы нешта ведаеце пра палітыку, то адзіны рэалістычна магчымы адказ — «не». Лукашэнка можа спрабаваць весці нейкія дробныя гульні з Захадам, але пры першай жа рэальнай пагрозе сваёй уладзе пабяжыць прасіць выратавання ў Расіі. Як гэта і было ў 2020 годзе.
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка чарговы раз кляўся ў сваёй адданасці Расіі. Гэта адбылося 29 верасня падчас сустрэчы з губернатарам Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксеем Русскіх. Лукашэнка падкрэсліў, што беларуская палітыка шматвектарнасці ніяк не аддаляе краіну ад Расіі.
«Тут не ідзе гаворка пра нашы глыбінныя адносіны, перадусім з вамі, з Расійскай Федэрацыяй. Таму балбатня пра гэтую шматвектарнасць і папрокі на адрас Лукашэнкі абсалютна несумяшчальныя. І потым, я ўжо трыццаць з лішнім гадоў працую прэзідэнтам. Не для мяне ўжо змяняць нейкія вектары. Як некаторыя ўжо нават дайшлі да таго, што «Лукашэнка — гэта не саюзнік». Ну, гэта справа густу. Пакуль мы (і, думаю, так будзе і далей) знаходзім агульную мову з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі».
Красамоўна, ці не так? Фактычна ён апраўдваўся перад нейкімі неназванымі расійскімі блогерамі, якія абвінавацілі яго ледзь не ў здрадзе. Таму і гаварыў далей, што «ніякай здрады няма і быць не павінна». Такіх сентэнцый, дзе Лукашэнка клянецца ў максімальнай адданасці старэйшаму брату, я магу прывесці сотні.
Ведаеце, што я заўважыў за ўсе гэтыя гады? Гэта даволі традыцыйная рэч для беларускага дыктатара. Як толькі ён або ягоныя чыноўнікі робяць хоць якія самыя сціплыя крокі на заходнім кірунку, пасля нават самай асцярожнай спробы нармалізацыі з «заходнімі партнёрамі», Лукашэнка абавязкова лічыць неабходным выказаць нешта максімальна прарасійскае. Каб Масква, барані Божа, не насцярожылася і не палічыла яго «здраднікам».
І пакуль Лукашэнка апраўдваецца, Масква вуснамі дробнага чыноўніка кажа, што ён наш і нікуды не дзенецца. Дырэктар Другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў Расіі Аляксей Палішчук заявіў, што Беларусь вядзе перамовы з ЗША, зыходзячы з мэтаў «саюзнай інтэграцыі з Расіяй».
«Нашы беларускія сябры заўсёды падкрэслівалі, што кантакты з Захадам магчымыя выключна на падставе раўнапраўя і ўзаемнай павагі пры безумоўным захаванні нацыянальных інтарэсаў і задач саюзнай інтэграцыі з Расіяй», — сказаў Аляксей Палішчук у інтэрв'ю расійскаму агенцтву «Інтэрфакс».
Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расіі нагадаў, што гэтыя прынцыпы закладзеныя ў саюзную праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі, чарговую версію якой на бліжэйшыя тры гады зацвердзяць у лістападзе на сумесным пасяджэнні калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі.
Уявіце іронію сітуацыі! Настолькі дробны чыноўнік, дырэктар Другога дэпартамента краін СНД Міністэрства замежных спраў Расіі, снісходліва выказваецца пра палітыку Лукашэнкі — маўляў, не бойцеся, усё, што ён робіць з амерыканцамі, — гэта нам, Маскве, на карысць.
Клерк трэцяга ўзроўню фактычна ўказвае Лукашэнку, як трэба сябе паводзіць, каб не злаваць Крэмль. Гэта красамоўна дэманструе тыя адносіны, што склаліся пасля 2020 года паміж Масквой і Мінскам, — адносіны сюзэрэна і васала.
А калісьці шмат што было інакш. Лукашэнка дазваляў сабе скандалы, грымелі газавыя і малочныя войны, узнікалі асабістыя канфлікты. Дарэчы, адносіны традыцыйна рэзка абвастраліся ў год выбарчай кампаніі ў Беларусі.
Вось што казаў тагачасны прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў (памятаеце такога?) пра адносіны з афіцыйным Мінскам у лістападзе 2010-га, за месяц да прэзідэнцкіх выбараў:
«Перадвыбарная кампанія там цалкам пабудавана на антырасійскіх сюжэтах, на істэрычных абвінавачваннях Расіі ў нежаданні падтрымліваць беларусаў і беларускую эканоміку, праклёнах на адрас расійскага кіраўніцтва. За ўсім гэтым добра відаць выразнае жаданне пасварыць дзяржавы, адпаведна і народы. Імкненне сфармаваць у грамадскай свядомасці вобраз знешняга ворага заўсёды адрознівала беларускія ўлады. Толькі раней у гэтай ролі выступалі Амерыка, Еўропа, Захад у цэлым. Цяпер адным з галоўных ворагаў абвешчана Расія».
А яшчэ Мядзведзеў у тым сваім выступе заяўляў, што Лукашэнка ў першыя ж хвіліны іх прыватнай размовы пачаў негатыўна выказвацца, агаворваць папярэдніх кіраўнікоў Расіі — Ельцына і Пуціна.
Цяпер цяжка ўявіць, што такое магло быць — тым больш калі ведаць, у што ператварыўся той самы былы прэзідэнт Расіі Мядзведзеў. Але было і адключэнне расійскага газу, і фільмы «Хросны Бацька» на расійскім канале НТВ, і малочныя войны. А таксама Мінскія пагадненні, і непрызнанне Паўночнай Асеціі, і непрызнанне анексіі Крыму, і спробы набываць венесуэльскую і амерыканскую нафту, выдатныя палітычныя адносіны з украінскімі прэзідэнтамі, і нават адмову размяшчаць у Беларусі расійскую авіябазу, і сустрэча ў Мінску з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа.
Але нават у перыяд самых упартых змаганняў з Масквой Лукашэнка, як я перакананы, ніколі па-сапраўднаму не збіраўся нікуды сыходзіць ад Расіі. Усе ранейшыя гульні Лукашэнкі з Захадам, як я ўпэўнены, былі не сапраўдным «пераабуваннем», а тактычнымі крокамі, каб павысіць сваю каштоўнасць перад Масквой. «Плаціце мне больш, а то я збягу на Захад», — нібыта казаў Лукашэнка. Таму калі і дзесяць гадоў таму, і цяпер пытаюцца: а ці не можа Лукашэнка пераабуцца ў палёце, змяніць сваю прарасійскую арыентацыю, перакінуцца на Захад — як тады, так і цяпер я адказваю адназначна: не.
Як можа сысці ад Расіі чалавек, які з году ў год паўтарае словы, што кожнаму сумленнаму беларусу агідна чуць:
«Ведаеце, я чалавек савецкі, мне цяжка вымаўляць — рускія, беларусы. Мы фактычна адзіны народ».
Але гэта ўсё лірыка. Справа тут, вядома, не ў нейкіх цвёрдых каштоўнасна-палітычных прынцыпах гэтага чалавека — сваёй біяграфіяй ён не раз даказваў, што, калі яму гэта выгадна, можа змяніць любыя прынцыпы. Тут шэраг эканамічных, палітычных, кадравых, ідэалагічных і нават псіхалагічных прычын.
Па-першае, эканоміка Беларусі сёння рэкордна глыбока інтэграваная ў расійскую. Сёння туды ідзе каля 67% знешняга гандлю Беларусі, а яшчэ больш — праз Расію далей на Усход, у Кітай і Казахстан, якія разам з Расіяй уваходзяць у пяцёрку галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі.
Па-другое, Захад не давярае Лукашэнку, які спаліў мноства мастоў праз парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі, а галоўнае — фактычна стаў саагрэсарам падчас шырокамаштабнага нападу Расіі на Украіну, а беларуская прамысловасць усё актыўней працуе на расійскую абаронку.
Па-трэцяе, любы рэальны паварот на Захад запатрабуе саступак, што ставяць пад пагрозу асновы яго ўлады (вызваленне палітвязняў, правядзенне свабодных выбараў, незалежная прэса).
Па-чацвёртае, любы намёк на празахадні паварот небяспечны для атачэння Лукашэнкі, якое складаецца з сілавікоў (якіх на Захадзе чакае толькі Гаага) і алігархаў: ім зусім не патрэбны празрысты і канкурэнтны бізнес.
Пры тым узроўні залежнасці ад Расіі, якую Аляксандр Лукашэнка сам сабе ствараў доўгімі гадамі (а ў асабліва глыбокую яму трапіў пасля жніўня 2020 года, калі толькі ў Маскве, як у тым Кашчэевым яйку, хавалася выратаванне для яго ўлады), насамрэч «пераабуцца» ён ужо не мае магчымасці, нават калі б і меў такое жаданне. А ён, падаецца, гэтага хоча — аднак рэальна нічога канкрэтнага зрабіць тут не мае шанцаў.
Лукашэнка можа спрабаваць весці нейкія гульні з Захадам, але пры першай жа рэальнай пагрозе сваёй уладзе пабяжыць прасіць выратавання ў Расіі. Як гэта і было ў 2020 годзе. Пакуль у Маскве Пуцін, а ў Мінску Лукашэнка — гэтыя двое «скаваныя адным ланцугом, звязаныя адной мэтай».
Віталь Цыганкоў, «Белсат»