Reuters: Крамль пайшоў супраць алігархаў
- 4.10.2026, 6:45
- 1,218
Выдаткі на вайну растуць.
Найбольш заможныя людзі Расіі сёлета пакрылі больш за 1% дзяржаўных выдаткаў дзякуючы «добраахвотным» ахвяраванням на вайну, пра якія яны дамовіліся з дыктатарам РФ Уладзімірам Пуціным у сакавіку. Пра гэта са спасылкай на дакументы расійскага дзяржаўнага бюджэту паведамляе Reuters.
На закрытай сустрэчы з Пуціным прысутнічалі найбуйнейшыя расійскія бізнесмены, большасць з якіх знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. У верасні Пуцін заявіў, што пасля гэтай сустрэчы было ахвяравана «сотні мільярдаў» рублёў.
Сёлета ў Расіі будзе дэфіцыт бюджэту на ўзроўні 3,2% ВУП, або 7,3 трыльёна рублёў (87 мільярдаў долараў), што ўдвая перавышае першапачатковы план у 1,6% ВУП. Без ахвяраванняў, якія з пачатку года ўжо дасягнулі 471 мільярда рублёў (больш за 5,6 мільярда долараў), дэфіцыт мог бы вырасці да 3,4% ВУП.
У Крамлі заявілі, што неназваны бізнесмен, які прапанаваў гэтую ініцыятыву, абгрунтаваў яе тым, што многія заможныя расіяне назапасілі сваё багацце ў 1990-я гады дзякуючы сувязям з дзяржавай, таму цяпер іх абавязак — уносіць уклад у дзяржаўны бюджэт.
Урад РФ плануе ў 2026 годзе атрымаць 385 мільярдаў рублёў (прыблізна 4,6 мільярда долараў) ад продажу актываў, якія ў апошнія гады былі канфіскаваныя ў прыватнага бізнесу ў межах найбуйнейшага пераразмеркавання ўласнасці з часоў прыватызацыі 1990-х гадоў. Сярод прычын такога кроку ўлады называлі парушэнне заканадаўства, карупцыю і замежнае валоданне стратэгічнымі актывамі.
У 2025 годзе расійскі ўрад павысіў падаткі і павялічыў запазычанні, каб фінансаваць дэфіцыт і захаваць выдаткі на вайсковую сферу і бяспеку, на якія сёлета плануецца накіраваць 38% усіх бюджэтных выдаткаў.
Паступленні ад узносаў, пазначаных у бюджэтных дакументах як «добраахвотныя паступленні», перавысілі паступленні ад падатку на звышпрыбытак карпарацый. Яго ў асноўным плацяць металургічныя і хімічныя кампаніі, што вырабляюць угнаенні, якія атрымалі значны прыбытак дзякуючы высокім сусветным цэнам на сваю прадукцыю.
Урад РФ усё актыўней шукае новыя крыніцы даходаў. На наступны год яно плануе чарговае павышэнне падаткаў і ўзмацненне барацьбы са схемамі ўхілення ад іх сплаты.
Адно з павышэнняў падаткаў, якое, як чакаецца, прынясе дадаткова 1 трыльён рублёў даходаў у 2027 годзе, закране даходы ад банкаўскіх дэпазітаў, якія з-за высокіх працэнтных ставак сталі для многіх людзей істотнай крыніцай прыбытку.