Міхалкоў заяўіў, што вайну з Украінай Расіі «паслаў Бог»
2- 8.10.2026, 8:47
- 2,098
Каб расіяне «перагледзелі свае каштоўнасці».
Рэжысёр і прапагандыст Мікіта Міхалкоў заявіў, што вайна з Украінай была «пасланая» Расіі Богам, каб расіяне перагледзелі свае каштоўнасці. Паводле Міхалкова, тое, што адбываецца, павінна было прымусіць грамадства «прачнуцца» і зразумець, што насамрэч у гэтым жыцці мае значэнне. «Я разумею, што гэтая фраза даволі дзіўная, але нам Гасподзь паслаў СВА, каб мы прачнуліся, каб мы зразумелі, чаго вартыя сапраўдныя каштоўнасці і якія яны», — сказаў ён прапагандысцкаму RT. Разважаючы пра «сапраўдныя каштоўнасці», рэжысёр асобна папярэдзіў пра празмерную цягу да задавальненняў. Паводле яго слоў, небяспечна, калі жыццё пачынае вымярацца «колькасцю і якасцю забаў».
У якасці ілюстрацыі сваёй думкі Міхалкоў распавёў пра эксперымент з белай мышшу, якой, паводле яго слоў, далі магчымасць атрымліваць задавальненне націскам кнопкі. «Навукоўцы правялі эксперымент, яны ўзялі белую мыш, падключылі яе да нечага і паказалі ёй, што вось націскаеш на кнопку — і атрымліваеш задавальненне. Яна націскала адзін раз, два, пяць, потым яна ўціснула кнопку — і памерла. Вось гэта, так бы мовіць, вельмі паказальны вобраз — адчуванне пастаяннага свята, якое нават у гэты час не спынілася, яно працягваецца», — заявіў прапагандыст, не ўдакладніўшы, якія менавіта навукоўцы і калі правялі апісаны ім эксперымент. Пры гэтым, дадаў ён, некаторыя людзі «ужо разумеюць», што «весяліцца пакуль не варта».
Сам Міхалкоў, праўда, ад задавальненняў адмаўляцца не спяшаецца. Паводле дадзеных уцечак, ён з'яўляецца самым багатым сярод расійскіх тэлепрапагандыстаў: вядучы праграмы «Бесогон» на канале «Расія» атрымлівае больш за 270 млн рублёў у год. Акрамя таго, на рахунках Міхалкова ў розных банках знаходзіцца звыш 2,5 млрд рублёў, якія штогод прыносяць яму яшчэ каля 515 млн рублёў працэнтаў.
За апошнія гады Міхалкоў ператварыўся з вядомага рэжысёра ў аднаго з самых прыкметных прапагандыстаў рэжыму. У праграме «Бесогон ТВ» ён распаўсюджваў антызаходнія наратывы і канспіралагічныя тэорыі, а расійскае ўварванне ва Украіну называў «барацьбой з сатанізмам» і «вызваленнем Данбаса». Ён таксама абражаў расіян, якія выступаюць супраць вайны і пакінулі краіну. Рэжысёр падтрымлівае блізкія адносіны з Уладзімірам Пуціным, якога ён называў «магутным лідарам сусветнай палітыкі, які ўсведамляе гістарычную адказнасць» перад Расіяй.