У Магілёўскай вобласці Беларусі пачаўся прызыў ваеннаабавязаных
- 8.10.2026, 9:59
Іх вучаць у засакрэчаным месцы выкарыстоўваць высокадакладныя артылерыйскія боепрыпасы.
З 7 кастрычніка па 13 лістапада ў Магілёўскай вобласці пройдзе буйная праверка падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны. У яе межах запланаваны прызыў ваеннаабавязаных, паведаміла Міністэрства абароны, перадае «Белсат».
У межах праверкі збіраюцца ахапіць усе раёны Магілёўскай вобласці, сфармаваць падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў у Крычаўскім раёне. На апошнім этапе плануюць камандна-штабное вучэнне падраздзяленняў тэрытарыяльнай абароны Крычаўскага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі сіламі тэрытарыяльнай абароны на розных участках мясцовасці.
Былы вайсковы аэрадром «Крычаў-6» — верагоднае месца размяшчэння расійскага комплексу «Арэшнік», здольнага запускаць ракеты з ядзернымі боегалоўкамі.
Артылерыстаў трэнуюць у асаблівых умовах
Акрамя таго, ў неўдакладненым месцы працягваецца праверка баявой гатоўнасці артылерыйскіх падраздзяленняў, паведамілі ў абаронным ведамстве. З адной з брыгад праводзяць тактычныя вучэнні з баявой стральбой на незнаёмай для яе тэрыторыі — не на яе палігоне. Вучэнні адметныя таксама тым, што падраздзяленні дзейнічаюць на рэальных адлегласцях.
Значная частка ўдзельнікаў вучэнняў — ваеннаабавязаныя. Падчас вучэнняў, паводле паведамлення Мінабароны, быў цэлы разлік толькі з ваеннаабавязаных, які выкарыстоўваў для паразы мэтаў высокадакладныя боепрыпасы.
Мінабароны адзначае, што вучэнні такога маштабу з артылерыйскай брыгадай праводзяцца ўпершыню. Пры гэтым маштаб вучэнняў не ўдакладняе.