Адміністрацыя гомельскай ВНУ выпадкова зліла фота сакрэтнага аб’екта
1- 8.10.2026, 11:22
- 1,664
Ваенны гарадок трапіў на здымкі ідэолагаў БелДУТа.
Адміністрацыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту апублікавала на сваіх рэсурсах фота, на якім «Флагшток» распазнаў сакрэтны аб’ект, які цяпер узводзяць у Гомельскім раёне.
Ідэолагі хацелі паказаць, як выкарыстоўваецца неаплачваная праца студэнтак-«актывістак» БелДУТа. Яны распісвалі інтэр’еры для ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат». Пры гэтым будоўлю назвалі проста «аб’ектам». Як раней высвятлілі журналісты, у дакументах дзяржзакупак «аб’ектам» найчасцей называюць будоўлю ваеннага гарадка ў Гомельскім раёне каля вёскі Прыбор, заказчыкам па ім часта выступае той жа домабудаўнічы камбінат.
На фотаздымках паказаныя вынікі працы студэнтак: роспіс на сценах. На адным з здымкаў ёсць шырокае акно з прыкметным пейзажам з жалезабетонных каркасаў на фоне сасновага лесу. У Гомельскай вобласці не так шмат будоўляў, якія па вонкавым выглядзе нагадваюць узвядзенне ваеннага гарадка Сіл спецыяльных аперацый Беларусі.


Найбольш верагодна, здымак быў зроблены ў будынку з функцыямі сацкультбыту ваеннага гарадка (на спадарожнікавым здымку ён пад жоўтым дахам).

Фота сведчыць аб высокай ступені гатоўнасці ключавых пабудоў ваеннага гарадка, а таксама пра тое, што маштабнае будаўніцтва працягваецца.